Рагазнянцы ставяць першыя рэкорды

Жніво на Жабінкаўшчыне набірае абароты — усе гаспадаркі вывелі ў поле зернеўборачныя камбайны. Пачалі з ўборкі азімага ячменю і рапсу. Спякотнае надвор’е, якое два тыдні панавала ў краіне, паспрыяла хуткаму даспяванню зярнятак у каласах.
У ААТ “Рагазнянскі” жніво распачалі з абмалоту азімага ячменю. Першыя тры дні камбайнеры і вадзіцелі працавалі, калі слупок тэрмометра перасягаў адзнаку ў 35 градусаў па Цэльсію. Аднак, відаць, у нябеснай канцылярыі злітаваліся і крыху панізілі градус — хоць дыхаць можна, бо цэлы дзень знаходзіцца ў кабіне камбайна ці аўто на санцапёку — так сабе задавальненне.
— Нашы камбайнеры з нецярпеннем чакалі ўбо-рачную кампанію, усё да-пытваліся, калі нарэшце
выйдуць малаціць, — расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Алена Якімчук. — Хлопцы ў нас як на падбор: дружныя, працавітыя, адказныя, акуратныя. Дзе камбайн пройдзе — неабмалочаных каласоў не знойдзеш, ні “коз”, ні “барод” не пабачыш, дый тэхніку шануюць. Наш камбайнавы парк няблага абнавіўся: летась і сёлета атрымалі па новенькай “дванаццатцы”. Нагрузка на пяць КЗС-12 і КЗС-10, бадай, самая высокая ў раёне — 277 гектараў уборачнай плошчы на кожны. Але хлопцам не прывыкаць — спраўляюцца. А вось, зрэшты, і нашы рупліўцы.
Акурат ля вёскі Вулька поле, падзеленае на дзве паловы, сустрэла нас гулам рухавікоў камбайнаў. Нетаропка рухаючыся, жняяркі захоплівалі спелыя сцябліны, каб абмалочаныя зярняты залатым струменем засыпаліся ў бункер. Кожны камбайн пакідаў пасля сябе дарожку з саломы, па якой з важным выглядам сноўдалі буслы. Ледзь замігае лямпачка на кабіне, як з ускрайку поля зрываецца аўтамабіль, і праз пэўны час каштоўны скарб адпраўляецца на КЗС — на дасушку і даачыстку.

Уборачны канвеер спыняецца толькі на хвіліну, каб хлебаробы маглі сфатаграфавацца.
— А ў нас сёння першая тысяча тон намалочана, вы пра гэта ў газеце напішыце, — кажа камбайнер Аляксандр Новік. — Такі вось рэкорд на шэсць экіпажаў за чатыры дні. Будзем старацца, каб кожны “тысячнікам” стаў. Праўда, хлопцы?
— А мы што? Мы заўжды гатовыя! — адгукаюцца тыя. — Абы дождж не замінаў, а да спякоты мы звыклыя!
Аляксандр Новік прыгадаў, што летась намалацілі 5821 тону збожжа, штодзень, бывала, амаль 100 гектараў абжыналі. Сёлета спадзяюцца сабраць не меншы ўраджай — віды на яго добрыя. Праўда, палегліцы нямала — давядзецца сцяблінапад’ёмнікі чапляць. Самы малады камбайнер Іван Краўчук запэўнівае: справяцца, усе 1658 гектараў зерневых убяруць аператыўна. Для яго гэта, прынамсі, трэцяе жніво ў якасці камбайнера, дагэтуль у памочніках хадзіў.
— Пасля начнога дажджу каласы абсыхаюць хутка, і ўжо з 11 раніцы камбайны ў полі, — працягвае намеснік дырэктара па вытворчасці. — Працуюць дацямна. Жніво — адзіная пара года, калі механізатары і вадзіцелі рупяцца без выхадных. Усе занятыя на ўборцы забяспечаны спецвопраткай і гарачым бясплатным харчаваннем, бутыляванай вадой. Абавязкова даводзім працаўнікам, колькі зрабілі і зарабілі за дзень. Ну, а дух саперніцтва ім спрыяе!
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
На здымку: Аляксандр КУЗНЯЦОЎ, Сяргей БУЦЬКО, Сяргей КІКАЎСКІ, Васіль КОТ, Васіль БЕНЕДЗІСЮК, Васіль МАЕЎСКІ; Андрэй ЦАБАР, Іван КРАЎЧУК, Аляксандр НОВІК, Дзмітрый МАКСІМУК, Ігар ЦЕРАБЕЙЧЫК, Генадзь БАЛТРАМЯЮК.