Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Кацярыны АСТАПОВІЧ.
Сёлетняя восень юбілейная для супрацоўнікаў бібліобуса: пяць гадоў, як у раёне працуе гэта карысная служба. Напярэдадні Дня бібліятэк мы сустрэліся з гаспадыняй кнігарні на колах Людмілай Ісаевай, каб даведацца, якімі шляхамі-дарогамі яна прыйшла ў прафесію, здольную дарыць добры настрой. Дарэчы, у хуткім часе Людміла Арсенцьеўна адзначыць прыгожы юбілей з дзвюма пяцёркамі.
ЁСЦЬ ЛЮДЗІ, што нібыта спрабуюць схавацца за даверлівай і крыху сарамлівай усмешкай. Як даводзіцца распавядаць пра сябе, пачынаюць: “Не вельмі я люблю сабой хваліцца. Ды нічым мой лёс не адметны, зусім звычайны, мо іншы нехта больш годны?” Калі ж “раскручваюць стужку свайго жыцця”, перад суразмоўцам міжволі паўстаюць займальныя моманты. Людміла Ісаева бясспрэчна з ліку такіх людзей.
— У дзяцінстве вы былі “кніжнай” дзяўчынкай?
На гэта першае пытанне Людміла Аксенцьеўна адказвае, не губляючы сваёй “фірменнай” усмешкі:
— Лепш сказаць, спартыўнаю: удзельнічала ва ўсіх конкурсах, спаборніцтвах, нават дасюль зберагаю грамату за перамогу “на раёне” ў 100-клетачных шашках (а гэта, скажу я вам, сапраўдны спорт для розуму). Аднак і пра кнігі, вядома, не забывала. Тым больш сябраваць з імі ў нашай другой гарадской школе заахвочвалі такія выдатныя настаўнікі, як Вера Уладзіміраўна Секяржыцкая і Лідзія Рыгораўна Кадэнская.
Натхнёная кнігай
Час быў такі, калі кніжка была і сябрам, і дарадцай, і лепшым падарункам. Нельга было ўявіць дом з пустымі паліцамі. Яшчэ ў юнацтве Люда ўпадабала словы, запазычаныя ў славутым рамане Мікалая Астроўскага “Як гартавалася сталь”. Ну, памятаеце радкі, што сталі здаўна крылатымі: “Трэба жыццё пражыць так, каб не было пакутліва балюча…” Яны, гэтыя словы, і зрабіліся яе жыццёвым дэвізам. Увогуле тагачаснай вучаніцы былі даспадобы творы, напоўненыя адчайнымі прыгодамі, дзе героі маюць палымяныя сэрцы. Класічныя творы “Авадзень”, “Вершнік без галавы” ды іншых шмат натхнялі на падарожжы ў далёкі свет.
У нечым дзейнасць літара-турных герояў падштурхоўвала да ўчынкаў. Люда скончыла восем класаў і вырашыла, што надышоў час выбіраць сабе дарогу, паціху станавіцца на самастойнае крыло. Мела добры атэстат за базавую школу, таму кіраўніцтва Бераставіцкага сельскагаспадарчага прафтэхвучылішча без ваганняў запрасіла дзяўчыну з Жабінкі на вучобу. Займалася з ахвотаю, знайшоўшы справу па душы. Хутка атрымала шыкоўную спецыяльнасць майстра-садавода, кветкавода ды яшчэ й дэкаратара! (Да слова, і зараз на пятым паверсе, дзе жыве Людміла Арсенцьеўна, сапраўды маленькі рай, багаты на рознакаляровыя краскі).
Жыццёвыя шляхі-дарогі
Але вернемся зноў у юнацтва, калі Людмілін курс па размеркаванні паехаў у Крым. Не, у знакаміты Ялцінскі батанічны сад яны не патрапілі. Усё аказалася празаічней. Іх чакаў саўгас у Сакскім раёне, якім кіраваў зямляк-беларус. Цяпліцы, сады патрабавалі маладых рук. Вось толькі самой Людміле з парога ледзь не далі ад варот паварот. Высветлілася: ёй жа і пятнаццаці пакуль няма! А таму збірай рэчы ды вяртайся, скуль прыехала… Дзяўчына літаральна выплакала сваё першае месца работы: “Дайце хоць на зваротны квіток зараблю!” Паглядзеў старшыня ды махнуў рукой. І не пашкадаваў ні хвіліны за тыя тры гады, што працавала ў саўгасе Людміла. Тая шчыравала ва ўсю моц, нават у перадавіках хадзіла. Сіл хапала і на зямлі рупіцца, і вячэрнюю школу наведваць.
Пасля вяртання ў Беларусь жыццёвыя абставіны так склаліся, што жанчына на доўгія гады звязала свой лёс з гандлем. І вось аднойчы “на час” была запрошана папрацаваць у кнігарні на колах. Аднак, як гаворыцца, не бывае нічога больш пастаяннага за часовае…
— Меркавала на месяцы, атрымалася — на гады! — згадвае дырэктар райбібліятэкі Галіна Дулевіч і шчыра дадае: — Людміла Арсенцьеўна падабаецца сваёй чалавечнасцю, уменнем ладзіць з чытачамі, якія заўсёды выказваюць словы падзякі за яе тактоўнасць і дапамогу.
Так, амаль два гады таму кніжны свет, які і раней быў аддушынай, стаў для яе працай. Калі можна гэткім простым словам апісаць любімую справу, што прыносіць радасць і табе самой, і людзям, якія навокал.
Карысная справа
Амаль штодня разам з вадзіцелем Мікалаем Грэлем бібліятэкар “перасоўкі” на адным з 14 маршрутаў. Ад краю да краю раёна яны калясяць па жабінкаўскіх вёсачках, дзе іх заўсёды чакаюць чытачы. Чалавеку ж не толькі хлеб патрэбны, духоўная ежа не менш важная! Нездарма так шмат заказваюць кніг. Вельмі часта просяць прывезці на гістарычную тэматыку, у тым ліку пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
— Ёсць і больш “мірныя” ў вяскоўцаў пажаданні, — зноў смяецца бібліятэкар. — Вядома, попытам карыстаюцца выданні, што падкажуць, як абрабляць сад ды агарод, майстрыхі просяць “Ксюшу”, тыя, хто заняты будоўляй, рамонтам — “Сделай сам”, і ўжо кожнаму патрэбныя “Рецепты” ды “Магазин здоровья”… Адным словам, вязем усё, што людзям цікава і карысна!
Гавораць, часы памя-няліся кардынальна, і цяпер толькі інтэрнэт “валодае розумамі”. А ў вёсках дасюль ёсць сярод чытачоў такія, каму без кнігі і хвіліны не сядзіцца. Літаральна “паглынаюць” яны па 30-40 выданняў за месяц. Такім як нясеш заказ — рукі ледзь не адрываюцца! Хутка, мабыць, і стацыянарнай бібліятэкі не хопіць, каб наталіць іх патрэбы.
— Затое колькі бачыш радасці ў вяскоўцаў, адчуваючы, што яны чакаюць твайго прыезду, — завяршае расказ Людміла Арсенцьеўна. — У такія хвіліны разумееш, наколькі карыснай справай займаешся. І не толькі ты ўласна, а ўсе бібліятэкары, якія прапануюць людзям сустрэчы з дзівосным кніжным светам, а разам з тым дораць чытачам добры настрой.
На здымку: бібліятэкар перасоўнай бібліятэкі Людміла ІСАЕВА.
