Што ні кажы, а прыгожы наш гарадскі парк: вясною і летам “апранаецца” ў сакавітую зеляніну, восенню вабіць вока барвова-жоўтым дываном, а зімою, пад снегавой шапкай, нагадвае казачны лес.
Здаецца, зіма ўжо нацешылася завеямі і маразамі, саступіла месца цёплай і лагоднай вясне. І зноў набрыняюць пупышкі на галінках, замітусяцца, будуючы гнёзды, птушкі. Яны ў гарадскім парку, дарэчы, ужо зараз гучна гарлапаняць — ім не падабаецца суседства тэхнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, работнікі якой заняліся добраўпарадкаваннем адной з алей, што побач з валейбольнай пляцоўкай.
Як паведамілі ў Жабінкаўскай ЖКГ, у парку плануецца зрэзаць 26 дрэў, што знаходзяцца ў аварыйным стане, а таксама сфарміраваць крону суседніх дрэў побач з дарожкамі так, каб гэта было эстэтычна і зручна для прахожых. На месцы зрэзаных будуць высаджаны хваёвыя дрэўцы.
Спяшаюся супакоіць абаронцаў птушак. Па заканадаўстве скідваць “кватэры” варон дазваляецца толькі да сярэдзіны лютага. Работнікі ЖКГ уклаліся ў адведзеныя тэрміны. І цяпер пілуюць дрэвы і галіны там, дзе папярэдне ўбралі гнёзды.
Фарміровачная брыгада падрэжа галіны і ў каштанаў на вуліцы Кірава. Жыхары райцэнтра хутка заўважаць вынік іх клопату.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
Главные новости
