Работа з дрэвам захапляе

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

З канца жніўня ў Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў пачаў працаваць гурток мастацкага выпілоўвання, выпальвання і разьбы па дрэве пад кіраўніцтвам Аляксандра Крачко. У размове Аляксандр Сяргеевіч расказаў, што з дзяцінства любіў працаваць з дрэвам, захапляўся разьбой. Побач быў прыклад бацькі, які меў такое ж хобі, а таксама дзядулі – сталяра-цесляра.
У адзін са жнівеньскіх дзён я наведалася ў тэрытарыяльны цэнтр і пабывала на занятках гуртка. Пад кіраўніцтвам выкладчыка Сяргей Палуночкін выразаў электрычным лобзікам. Побач Уладзімір Шорах (на здымку) спачатку спецыяльнай наждачнай паперай апрацоўваў дэталі свайго вырабу, а потым афарбоўваў іх марылкай. Глеб Андрасюк з дапамогай алоўка і калькі наносіў выяву будучага вырабу. Усе за працай, усім цікава, што атрымаецца ў выніку. Кожны створыць дрэва-цуд з пышнай кронай і ажывіць яго фарбай.
Як адзначыў Аляксандр Крачко, наведвальнікі гуртка будуць навучацца лобзікавай разьбе, выпальванню, фігурнай рэзцы і такарнай апрацоўцы дрэва. Заняткі праходзяць кожны дзень з панядзелка па пятніцу і доўжацца на працягу дзвюх гадзін. Наведаць іх запрашаюцца інваліды першай і другой груп. Для гэтага звяртайцеся ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які знаходзіцца па адрасе: г. Жабінка, вул. Калгасная, 4 або тэлефануйце на нумар 2-57-33.