У межах працы інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама адбыўся адзіны дзень інфармавання на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе. У ім прынялі ўдзел генеральны дырэктар Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Аляксандр Максімчук, намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандр Сцепанюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Анатоль Манько, начальнік аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любоў Зубачова, дырэктар камбікормавага завода Ігар Лабада.
На сустрэчы былі закрануты пытанні, якія выклікалі жывы інтарэс у прысутных і актыўны дыялог. Аляксандр Максімчук расказаў аб рабоце арганізацый ЖКГ Брэстчыны па паляпшэнні якасці паслуг, што яны прадастаўляюць. Выступоўца паведаміў, што ў вобласці створаны адзіны кантакт-цэнтр з кароткім нумарам 115. Штогод назіраецца рост колькасці званкоў на яго, лік кансультацый насельніцтва спецыялістамі кантакт-цэнтра набліжаецца да 50 працэнтаў ад агульнай колькасці зваротаў, час чакання адказу аператара скарочаны да адной хвіліны, што несумненна прывяло да паляпшэння якасці прадастаўляемых жыллёва-камунальных паслуг. Гендырэктар упраўлення ЖКГ расказаў: 34 працэнты ад усіх зваротаў тычацца добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Гэта часцей за ўсё рамонт вулічна-дарожнай сеткі і санітарны стан агульнагарадскіх і дваровых тэрыторый. 31 працэнт зваротаў — гэта пытанні па рамонце, эксплуатацыі і ўтрыманні жыллёвага фонду; 14 працэнтаў — па аплаце жыллёва-камунальных паслуг; 12 працэнтаў — па якасці водазабеспячэння.
Работнікі камбікормавага завода мелі магчымасць задаць падчас сустрэчы хвалюючыя пытанні. Яны тычыліся грэйдзіравання вуліц у райцэнтры (у прыватнасці, Агінскага, Лясной, Цяністай, Лугавой), працякання даху на Зарэчнай, 12, пакосу травы, каб Жабінка не страчвала імідж прывабнага, чыстага, акуратнага гарадка. На пытанні адказалі Аляксандр Максімчук і Аляксандр Сцепанюк.
Затым Любоў Зубачова паведаміла прысутным пра добраахвотнае страхаванне дадатковай накапляльнай пенсіі як даступны спосаб павысіць даход у пенсійным узросце.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара
Главные новости
