У апошні сакавіцкі дзень у цэнтральнай раённай бібліятэцы і Жабінкаўскім раённым аб’яднанні прафсаюзаў ладзілі прыём грама-дзян галоўны прававы інспектар працы абкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Сяргей ВАСІЛЮК і намеснік пракурора раёна Алена СІДАРУК. На сустрэчы прысутнічала таксама кіраўнік прафсаюзаў Жабінкаўшчыны Ніна КАЛЫБСКАЯ.
Гараджане, якія звярнуліся са сваімі пытаннямі, атрымалі тлумачэнні ад спецыялістаў. Адначасова ў рамках дня прававой асветы і прававой культуры работнікі былі праінфармаваныя, як рэгулююцца змяненні ў працоўным дагаворы, прадастаўляюцца працоўныя і сацыяльныя водпускі.
Нагадаем: такую форму работы, як выязныя прыёмы, прафсаюзныя прававыя інспектары практыкуюць з сакавіка 2015 года. Пры гэтым кваліфікаваную кансультацыю можна атрымаць на месцы — у сваім горадзе ці на прадпрыемстве. Апроч штомесячных прыёмаў, прававыя інспектары працы аказваюць бясплатную юрыдычную дапамогу грамадзянам. Звярнуцца можна па тэлефоне, праз спецыяльны сэрвіс на інтэрнэт-партале ФПБ, пакінуць пісьмовы або электронны зварот.
Аналіз зместу зваротаў паказвае, што асноўная іх колькасць тычыцца прававых пытанняў, якія закранаюць працоўную дзейнасць людзей. Другімі па актуальнасці з’яўляюцца праблемы прымянення жыллёвага заканадаўства, на трэцім — пенсійнага.
Анатоль РОСТАЎ
Главные новости
