Пучык і Ульчык

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Чалавечыя лёсы не ўмяшчаюцца ў цесныя геаграфічныя рамкі. Наш праект — яскравае таму пацвярджэнне. Пішуць і тэлефануюць з розных куткоў. Паколькі ваенныя падзеі цікавяць многіх і праз 75 гадоў. Ухваляю неабыякавых — тых, каму баліць не толькі свой, але і чужы боль.
ТЫДЗЕНЬ ТАМУ раздаўся званок з Іванаўскага раёна. На провадзе — Іван Кунахавец, старшыня Махроўскага сельвыканкама. Яго расказ — пра выпадковую знаходку ў Паслоўскім лесе, дзе ў вайну базіравалася Пінская партызанская брыгада.
— Разам са школьнікамі прыбіралі колішнія партызанскія зямлянкі, як раптам на дрэве пабачылі нешта, падобнае на літары, — распавёў Іван Іванавіч. — Потым з дапамогай спецыялістаў тыя літары “ажылі”, склаліся ў прозвішча, імя, імя па бацьку: Восіпаў Павел Кузьміч. У хуткасці знайшліся весткі пра яго ў электроннай базе “Мемарыял”, дзе радавы Восіпаў значыцца як зніклы без вестак у снежні сорак першага. Аказалася, што свой апошні прытулак ён знайшоў у 1943-м на Янаўшчыне, а ў 1952 годзе разам з іншымі быў перапахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Махро.
Тым, хто і сёння спрабуе адшукаць сваіх блізкіх, што не вярнуліся з поля бою, падаецца, будзе карысным махроўскі вопыт.
З дапамогай тэле-журналістаў, якія здымалі сюжэт пра памятку вайны ў Паслоўскім лесе, Іван Іванавіч нават звязаўся з унукам байца. Той жыве зараз у Хабараўску. Абяцаючы пры нагодзе наведаць янаўскі край, мужчына з хваляваннем казаў: “Я заўсёды верыў, што калі-небудзь адшукаю дзядулю…”
Гэтая першая знаходка натхніла старшыню сельвыканкама і яго памочнікаў на далейшы пошук: захацелася даведацца імёны іншых партызан. Звярнуліся ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь з просьбай даслаць спіскі загінулых з Палескай брыгады. І вось нядаўна прыйшлі 22 аркушы з прозвішчамі.
А далей неабыякавы чалавек патлумачыў, чаму вырашыў пазваніць у Жабінку. Сярод партызан значыцца нараджэнец Жабінкаўскага раёна Якаў Маісеевіч ПУЧЫК (1922–1943), які ў 20-гадовым узросце далучыўся да народных мсціўцаў, а 10 лістапада 1943-га загінуў падчас бою ў вёсцы Гнеўчыцы.
Носьбіты гэтага прозвішча жывуць у нашым райцэнтры і ў Радваніцкім сельсавеце, які цяпер у Брэсцкім раёне, але да восені 1959 года адносіўся да Жабінкаўскага. Мо нехта з Пучыкаў дасюль шукае магілу таго Якава?
Як тое робяць сваякі Яўгена Фёдаравіча УЛЬЧЫКА (1916–1944?) з Якаўчыцаў. Ён нарадзіўся ў Сярэдняй Азіі, куды сям’я трапіла пасля пачатку Першай сусветнай вайны. Раённая кніга “Памяць” распавядае пра кулямётчыка Ульчыка надзвычай лаканічна, паведамляе толькі, што той прапаў без вестак у кастрычніку 1944 года. Так палічылі пасля вайны на падставе апошняга ліста, дасланага 24 верасня жонцы Ганне Кірылаўне праз палявую пошту № 45436. Нумар пошты дазваляе вызначыць часць, у якой служыў баец: 278-ы стралковы Рэўдынскі полк 175-й стралковай Уральска-Ковельскай дывізіі.
Далейшы Яўгенаў след губляецца. Журнал баявых дзеянняў 278-га палка восенню 44-га найбольш гарачымі паказвае 10-13 кастрычніка, калі чырвонаармейцы пайшлі ў наступленне. Моцная нямецкая групоўка ў раёне Віслы была падтрымана танкамі, гарматамі, самалётамі. Страты дывізіі вымяраліся сотнямі байцоў. Аднак у спісах забітых, параненых і тых, хто прапаў без вестак, імя Яўгена Ульчыка не значыцца. Пазней аднапалчанін напісаў, што на ўласныя вочы бачыў, як загінуў кулямётчык. Аднак нават пісьма таго не захавалася.
Летам 1946-га, каб сям’я магла атрымліваць дзяржаўную дапамогу, ваенкамат унёс байца з Якаўчыцаў у спіс незваротных страт. Пералік утрымлівае 101 прозвішча, адно з іх — Яўгена Ульчыка.
На здымку: партызанская зямлянка на месцы лагера Пінскай брыгады ў лесе каля вёскі Махро.