Усё, здавалася б, у жыцці Ірыны Фёдаравай было добра: мела адукацыю (атрымала дыплом у Санкт-Пецярбургскім універсітэце эканомікі і фінансаў), працавітага мужа, паспяховых дзяцей, утульны дом, любімую работу і хобі. Толькі жыць у Горлаўцы Данецкай вобласці ў адначассе стала не толькі складана, а нават небяспечна для жыцця: снарады ляцелі ў двары, ад выбухаў разбураліся дамы, гінулі мірныя людзі. Фёдаравы вырашылі ехаць у Беларусь, на радзіму Ірынінага бацькі. Так летам 2014-га Жабінкаўшчына прытуліла іх дружную сям’ю.
Ірына Іванаўна ўладкавалася спачатку інжынерам па нармаванні працы на торфабрыкетны завод, а потым — у Жабінкаўскую сельгастэхніку бухгалтарам аўтапарку.
— Самая напружаная частка дня — раніца, — кажа Ірына Фёдарава. — Асабліва шмат работы ва ўборачны сезон, калі перавозіцца збожжа і цукровыя буракі. Вяду ўлік запчастак, заработнай платы. Штодня іду на працу з радасцю, бо падабаецца тое, чым займаюся, і ведаю: калегі заўжды дапамогуць знайсці адказ на любое пытанне. Дый наогул беларусы чулыя, неабыякавыя да чужой бяды. Вельмі ўдзячная дырэктару арганізацыі Уладзіміру Дземідзюку, што выдзеліў нашай сям’і жыллё, ніколі не адмаўляе ў вырашэнні праблем.
Муж Ірыны Станіслаў Фёдаравіч працуе слесарам у ААТ “Жабінкаўскі”. Старэйшы сын Дзяніс атрымаў вышэйшую адукацыю і працуе праграмістам у Бранску. Малодшы Валянцін — васьмікласнік трэцяй гарадской школы. Захапляецца інфарматыкай, хоча, як і брат, стаць праграмістам.
Ірына Іванаўна кажа, што іх сям’і вельмі падабаецца гасцінная Беларусь. Жанчына захапляецца паэзіяй, сама з задавальненнем піша вершы пра прыгажосць Сінявокай, а яшчэ — пра любоў да матулі, веру ў Бога, іншыя. У вольны час яна шмат вяжа, любіць спяваць. У гэтага добразычлівага і пазітыўнага чалавека ёсць дэвіз: жыццё, як бумеранг, вяртае тое, што аддаеш сам. Таму Ірына шчодра дзеліцца з роднымі, сябрамі і калегамі дабрынёй, цеплынёй душы, унутраным святлом.
Лідзія ІВАНІХІНА
Фота Святланы КІСЛАЙ
Главные новости
