Як сведчыць статыстыка, дзякуючы прышчэпкам у апошнія пяць гадоў не рэгістраваўся эпідэмічны ўздым захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі, не зачыняліся на каранцін установы адукацыі, не рэгістраваліся смяротныя выпадкі, прычынай якіх стала гэтая каварная хвароба. Пацікавілася ў жыхароў Жабінкі, як яны адносяцца да вакцынацыі супраць грыпу, ці плануюць прышчэплівацца самі і ці вакцынуюць сваіх дзяцей.
Галіна МІХАЛЬЧУК:
— Я — за. Вакцынацыя супраць грыпу — справа патрэбная і карысная. Ведаю нямала выпадкаў, калі прышчэпленыя пераносілі хваробу лягчэй, хварэлі радзей, з нязначным павышэннем тэмпературы.

Алена КЛІМЧУК:
— Калі паспяваю не захварэць да пачатку імунізацыі, то прышчэпліваюся. Летась не паспела засцерагчыся ад вірусаў, а сёлета планую вакцынавацца. Лічу, што прышчэпка — надзейная абарона ад хвароб. Як вядома, штогод імунізацыя выратоўвае жыцці мільёнаў людзей.
Юнона КРАСАВІНА з мужам Андрэасам і сынам Яфіміем:
— Раней я прышчэплівалася ад грыпу, хварэла ў больш лёгкай форме, але ўсё роўна хварэла. Таму зараз не вакцынуюся, умацоўваю імунітэт іншымі спосабамі. Сыну ўсе прышчэпкі былі зроблены ў адпаведнасці з узростам, і, дзякуй Богу, без непрыемных наступстваў.
Дзяніс ЛІТОШКІН:
— У нас трое дзяцей, старэйшаму дзесяць гадоў, і мы ніводнага з іх не прышчэплівалі ні ў якім узросце. Вельмі многа выпадкаў ускладненняў пасля ўвядзення вакцыны, і ніхто на сябе адказнасць не бярэ. Наша з жонкай меркаванне такое, што на тых, хто прышчэпліваецца, праводзяць доследы, выпрабоўваюць замежныя вакцыны.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Да тэмы
Як паведаміла старшая медсястра паліклінікі Тамара Рынчук, сёлета на Жабінкаўшчыне для масавай вакцынацыі насельніцтва закуплена вакцына “Грыпол плюс” вытворчасці Расійскай Федэрацыі. Як і ў мінулыя гады плануецца прышчапіць супраць грыпу не менш за 40 працэнтаў насельніцтва — 9825 чалавек. Больш за тры тысячы жабінкаўцаў атрымаюць прышчэпкі за кошт рэспубліканскага бюджэту, 4,7 тысячы — за кошт мясцовага бюджэту, каля дзвюх тысяч — за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый, 10 чалавек — за асабістыя сродкі.
На сённяшні дзень вакцынаваліся 4736 жабінкаўцаў, з іх больш за палову — за кошт мясцовага бюджэту.
