Часта ў размове з людзьмі пытаюся: “Калі б вам давялося пражыць жыццё нанава, як бы вы паступілі?” Многія ўпэўнена адказваюць: “Пражыву так жа, толькі выпраўлю некаторыя памылкі”. Мой суразмоўца Дзмітрый ЛОСЬ на гэтае пытанне адказаў лаканічна: “Я прыкіпеў душою да вёскі — тут працую, стварыў сям’ю, гадую дзетак. Збегчы ў горад? Не, гэта не пра мяне…”
“Прысвяці жыццё зямлі”
Дзмітрый Лось усё сваё дзяцінства правёў у аграгарадку Ленінскі — тут пабачыў свет, асвойваў навуку ў школе. На перапынках з аднакласнікамі ганяў у футбол, а на ўроках матэматыкі і фізікі быў сама ўважлівасць. Як і многія хлапчукі, праводзіў позіркам магутную тэхніку, што раніцай накіроўвалася на палі ААТ “Рагазнянскі”. Бацькі не раз раілі: “Сынок, прысвяці жыццё зямлі і тэхніцы — на кусок хлеба заўсёды заробіш”. У выпускным класе Дзмітрый вызначыўся з выбарам: Беларускі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Яшчэ на першым курсе зразумеў, што на правільным жыццёвым шляху — вучоба падабалася і лёгка давалася, а практыка дык наогул акрыляла.
Азяты
Менавіта сюды трапіў малады выпускнік з дыпломам ВНУ. Дзмітрыю ўсё ў “Агра-Азятах” было знаёма, бо яшчэ школьнікам меў магчымасць летам падзарабіць на зернетаку, а студэнтам шчыраваў на камбайне памочнікам (помніцца, нават 500 тон збожжа намалаціў).
— 1 ліпеня 2015 года быў мой першы працоўны дзень у якасці маладога спецыяліста, — узгадвае Дзмітрый. — На палях даспявалі каласы, і мне прапанавалі сесці на камбайн, каб падмяніць працаўніка, што захварэў. Згадзіўся, бо за хлеб хваляваўся вельмі. І толькі потым назначылі галоўным інжынерам.
Дзмітрый з галавою акунуўся ў вір абавязкаў. Самым няпростым аказалася кіраваць людзьмі. “Былы дырэктар Уладзімір Пашкевіч і загадчык гаражоў Сяргей Каржук падтрымлівалі мяне, давалі слушныя парады, як заказваць запчасткі, дамаўляцца, каб іх аператыўна дастаўлялі. Красамоўства даводзілася прымяняць, каб пастаўшчыкі прывозілі паліва і дэталі ў пазыку”.
Цяпер, калі гаспадарку ўзяў “пад крыло” Брэсцкі мясакамбінат, фінансаванне вырасла ў разы, машынна-трактарны
парк значна абнавіўся. Ёсць шэсць зернеўборачных камбайнаў, два “Нью-Голанды”, тры энерганасычаныя трактары “Джон Дзіры” і два “Беларусы”, дадаліся два сучасныя магутныя зернесушыльныя комплексы. Скажам, амаль палова зерня кукурузы, намалочанага ў раёне, — з “АграАзятаў”, а гэта звыш 10 тысяч тон! На зернесушылках яго аператыўна давялі да патрэбнай кандыцыі. Цяпер дапрацоўваецца 150 тон зерня ў суткі (для параўнання: раней было ўсяго 25 тон).
Прыемныя перамены тычацца і мехмайстэрні: тут запланавана ўстаноўка ацяплення памяшканняў, рэканструкцыя лазні, душавой і раздзявальні, новых сучасных варот, а таксама набыццё неабходнага інструменту і абсталявання для рамонту тэхнікі.
— 1 ліпеня 2020 года — адпраўная кропка ў гісторыі нашай гаспадаркі, — падкрэслівае Дзмітрый Міхайлавіч. — Мы не толькі змянілі шыльду на адміністрацыйным будынку, але і падыходы да арганізацыі работы. Разам з паляпшэннем умоў працы многія паказчыкі пайшлі ўгору, як і заробкі.
Асабістае, каханае
Дзмітрый Лось з цеплынёй расказвае пра гаспадарку, калектыў, і каханую жонку, якая без шкадавання прамяняла Добрушскі раён на Жабінкаўскі. Як часта бывае, першы раз “сустрэліся” ў сеціве, калі Дзіма пабачыў фотаздымак Наталлі “Укантакце”. Напісаў ёй. Яна, на дзіва, адказала. Завязалася перапіска. А далей былі некалькі рэдкіх сустрэч у Мінску падчас сесій на выпускным курсе. Хутка закаханыя зразумелі: яны створаны адзін для аднаго. Згулялі вяселле, атрымалі дыпломы і адправіліся ў Азяты.
— Мяне не палохала перспектыва жыць у вёсцы, — кажа Наталля Уладзіміраўна. — Я сама і ў печы выпалю, і дроў накалю, і травы накашу, калі трэба. Адразу сумняваліся: пасля Мінска — ды ў глыбінку… Аднак зразумелі, што гэта правільнае рашэнне. Тут да працы — пяць хвілін хады, дзіцячы сад пад бокам, свежае паветра, свой падворак, ветлівыя суседзі — гэтага ў мегаполісе бракуе. А чаго за доўгім рублём гнацца, калі і ў гаспадарцы зараз выдатна атрымліваем? Пасля абавязковай адпрацоўкі вырашылі застацца і не шкадуем. У нашым доме цёпла, падведзены газ і каналізацыя — усё, як у гарадской кватэры! На падвор’і трымаем кур, парасятак і сабаку. Муж захапіўся садаводствам, высадзіў яблыні і грушы каля дома. Дзімава матуля Галіна Мікалаеўна дапамагае нам гадаваць сыночка Цімафейку і рыжае сонейка — дачушку Палінку. Азяты далі нам усё: работу, жыллё, сям’ю. І гэта дарагога вартае.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
