Светлай памяці Алеся Каско
У памяці ўспаміны множу,
чытаю – чую голас твой.
Я пра цябе казаў: прыгожы
абліччам, талентам, душой.
Ішоў, паэзіі адданы,
ў няроўны бой ты разам з ёй.
Скажу: ты, вонкава ціхмяны,
быў мужны самасцю сваёй.
Пра вельмі істотнае, што хвалюе кожнага паэта, сказаў Алесь Каско ў звароце да сваёй долі:
О лёс мой, выказацца дай,
не забяры мяне заўчасна
ў далечу тую, дзе так часта
мне будзе сніцца любы край.
На вялікі жаль, Алесеў лёс, як часта здараецца з таленавітымі і геніямі, стаўся бязлітасны – забраў заўчасна… Але творца паспеў нямала, а галоўнае – таленавіта здзейсніць і ў паэзіі, і ў прозе, і ў якасці перакладніка. Мяне асабіста найбольш узрушае ягоная праніклівая лірыка, няхай сабе ў ёй пераважае мінор:
Гэта восень мая… Ні тугі, ні адчаю.
Сыдзе час, як пясок. Праплыве, як вада.
Што, папраўдзе, для Госпада я азначаю,
каб умольваць Яго, каб сябе шкадаваць?
Што ж, абступяць, абхопяць апошнія хвілі,
і на рукі сяброў ападзе галава…
Ці я многа аддаў, ці ў мяне шмат прасілі,
каб па мне галасіць, каб па мне гараваць?
Шлях за краем міне.
Неўпрыкмет, непарадна…
Быццам восень, іду – межавая пара.
Гэта горкая, ды найпраўдзівая праўда:
трэба так, як трава, як лісцё, паміраць.
Той бяды, што якоесь былінкі не стане!
Напамінкам хіба, што свет жыў і жыве,
хоць калі, хоць каму ціхі позірк прагляне
ці ў лісці маладым, ці ў вясновай траве.
Алесь Каско многае прадчуваў. Яго глыбока узрушала немінучае ў жыцці чалавека. Працытаваны верш зявіўся задоўга да завяршэння яго шляху зямнога, як і наступны:
Гэта пэўна, гэта існа:
свет не згіне, век міне;
гэтым далям, гэтым высям
існаваць пасля мяне.
……………………………………
Гэта трэба, гэта сніцца:
вы адчулі – не стае
хоць часцінкі, хоць драбніцы,
хоць крывіначкі мае.
Гэта досыць, гэта выйсце:
скрозь смугу ці скрозь імжу
ў гэтых далях, гэтых высях
ляжа ўсцеха на душу.
У мностве лірычных вершаў ён бачыцца мне як майстар-чарадзей мастацкага слова, які выдатна адчувае, дзе мілагучнасць роднае мовы, дамагаецца дасканаласці метафары, параўнання. І знаходзіць ідэальную адпаведнасць формы зместу ў кожным канкрэтным выпадку:
Зноў я дома, дома, дома.
І паўзмрок, і цішыня.
І матуля, як мадонна,
ля глыбокага акна.
Кола месяца за ёю,
задуменнай, маладой,
залаціцца чысцінёю,
быццам німб над галавой.
Такое ж лёгкае дыханне хараства і чысціні ў радках наступнага верша, ды ўжо тут зусім іншы настрой і – адпаведна – зусім іншая танальнасць:
Мне спалася моцна на посцілках траўных
пад шатамі лёгкіх, як пух, туманоў.
Між дрэў, і мятлушак, і птахаў
сапраўдных
і самых спагадных знайшоў я сяброў.
У сне зорна-сінім я лётаў высока
і стойваў дыханне над роднай зямлёй…
Алесь Каско даволі розны ў сэнсе тэматыкі і зместу твораў. Аднак скразною лініяй па ўсіх ягоных кнігах ідуць матывы дабра і зла, гераічнай і драматычнай гісторыі Бацькаўшчыны, беларускае мовы, культуры, матывы нацыянальнага адраджэння. Не могуць не ўражваць вершы: ”1862 год. Слова Каліноўскага”, “Сон пра 2085 год”, “Здавалася б: ну, вось ён, Храм…”, “Вось – гвалтоўны гісторыі ход…”
Вядома, кожны чалавек у жыцці непазбежна шматкроць апынаецца перад выбарам. Лёсавызначальны выбар залежыць ад чалавечага сумлення. Пра людзей і нелюдзяў чытаем у вершы “Узрушэнні”:
Адны героямі былі,
ішлі на крыж, на эшафот
за годнасць ды за свой народ…
Іначай, пэўна, не маглі.
Другія катамі былі,
іх спадчына – бізун, турма,
і апраўдання ім няма…
Ці ўсё ж іначай не маглі?
Больш абагульнена, па-філасофску заглыблена паэт працягвае тую ж тэму ў вершы “Ісціна”:
Як духу ўзлёт не мае столі,
так духу ўпад не мае дна.
Хто зведаў ісціну спаўна,
калі ні дна няма, ні столі?..
Што ж ісціна? Мо ў тым яна,
што маем выбар – выбар волі:
ці ўзлёт, які не мае столі,
ці ўпад, які не мае дна!
Такая паэзія магла стварыцца інтэлектам і сэрцам высокадухоўнае асобы, якою, на шчасце, была асоба Алеся Каско, ураджэнца ўнікальнага Чудзіна, ад казачнікаў якога слынны А.Сержпутоўскі запісаў кнігу “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў” (1911). Дарэчы, Алесь аднаго разу казаў мне, што і ягонае прозвішча гучала першапачаткова – К а з к а… Добра адукаваны ў педінстытуце, дзе 40 гадоў шчыраваў прафесар і пісьменнік У.А. Калеснік, Алесь чытаў шмат не толькі мастацкай, а й філасофскай літаратуры, асабліва Ніцшэ і Шапэнгаўэра. Усё гэта паспрыяла фармаванню паэта высокай культуры. Пры гэтым ён заставаўся неганарлівым, па-таварыску прыязным заўсёды, тым больш калі, пасля Уладзіміра Калесніка, кіраваў абласным аддзяленнем нашае пісьменніцкае суполкі.
Ён выдатна ведаў усіх, каго аб’яднала, сагрэла і працягвала грэць Калеснікава “Берасьцейскае вогнішча”, ведаў творчасць кожнага. Алесь Каско ў якасці рэдактара і аўтара ўступу “Сіла зерня і слова” сардэчна блаславіў на выхад у свет кнігу Івана Арабейкі “Сказаць хачу” (2012). “ Чаму пішу ўступ для кніжкі, ніякіх прадмоў да якой не патрабуецца? – так натуральна ён пачаў сваю гаворку. – Імя вядомага паэта-земляка кажа само за сябе, і ўсё ж навошта адгукаюся? Ды проста – каб парадавацца разам з чытачамі: паэтычны плён Івана Арабейкі – і мінулы, апрабаваны часам, і новы – зноў увасобіўся ў зборнік, хай сабе больш чым праз тры дзесяцігоддзі. Найгалоўнае – ужо не першы год, як скончылася паласа глыбокага паэтавага маўчання. Менавіта глыбокага. Гэтак да пары да часу тояцца закапаныя з нейкай сакральнай прычыны ці зусім выпадкова зярняты ў сасудзе, каб аднойчы выбаўленая са спратаў “жыццёвая іх сіла збудзілася і буйна ўскаласіла парой вясенняй збожжа на раллі” (М. Багдановіч). Цікава, што Алесь і першую кніжыцу Арабейкі “Услед за сонцам” “чытаў-перачытваў у вёсцы на канікулах з такім захапленнем, нібыта сам з’яўляўся яе “лірычным героем”: “Мне ў гэтай пуні пахне родным, як пахне неба жураўлю”. “Толькі глыбока асабістае робіцца сапраўды высокім, — выказвае слушную думку А.Каско. – Без шчырасці няма паэзіі…”
Ад нязгоды з крытыкамі, якія занадта “прызямляюць” паэзію І. Арабейкі, Алесь Каско напісаў каларытны сяброўскі шарж на паэта, які з’ехаў з Берасця ў вёску, мае там сад, гарод, сякую-такую жыўнасць:
Муза мудрага Івана
зноў імкне да ясных зор.
Сёння Ясная Паляна
для яго – Жыцінскі двор.
Зноў зрадніўся ён з зямлёю,
ходзіць годнаю хадой.
Твар аздобіць барадою –
будзе рыхтык Леў Талстой.
Садам шчасны, агародам
ды курынаю сям’ёй.
Ён не скарбам граф, не родам –
граф паэзіяй сваёй.
Дасціпна! За што ні браўся Алесь Каско, атрымлівалася таленавіта. Некалі, на юбілейнай вечарыне паэта ў Ганцавічах, куды завіталі мы з М. Скоблам, уразіла нас песня на словы А. Каска “Яблыкапад” у выкананьні Святланы Локтыш з мужам.
У маёй памяці застаўся Алесь чалавекам чуйным, прыгожым учынкамі. Калі на Купалле 1991 года спачыў вечным сном Міхась Рудкоўскі, пахаваннем нябожчыка на радзіме заняўся менавіта ён. Пазней знайшоў сродкі і паставіў надмагільны помнік паэту-земляку.
Да мяне ставіўся Алесь па-сяброўску. З нагоды віншаваў, як і я – яго. З маладым юбілеем павіншаваць ён завітаў да мяне дамоў разам з У. Калеснікам і У. Ягоўдзікам. Тады яны ўручылі мне гадзіннік у форме ліры. Дарылі адзін аднаму свае зборнікі. Сумесна з ім рэдагавалі адну з кніжак Івана Мельнічука.
Імпанавала мне ягоная грамадзянская пазіцыя, змаганне за нацыянальныя святыні, найперш – за беларускую мову. Дужа спадабалася, як аднойчы ён разам з Алесем Разанавым у Берасці правучыў маладога стукача, які пад выглядам пачынаючага літаратара стараўся пранікаць на нашыя пісьменніцкія чытанні, каб пранюхаць, чым дыхае творчая інтэлігенцыя.
Калі Алесь цяжка захварэў і чакаў складанае аперацыі, я суцяшаў яго: маўляў, хірургія шмат чаго дасягнула… Пасля аперацыі мы сустрэліся ў Берасці, ён абяцаў адгукнуцца да мяне пісьмом, калі акрыяе. Але гэта не было наканавана. Заўчасны скон ягоны я ўспрыняў як драму нашае сучаснае літаратуры.
У свой час ён казаў мне, што Міхась Рудкоўскі паміраў мужна.
Аўдавелая Алесева жонка Людміла распавяла мне, што гэтак жа мужна да апошняй хвіліны трымаўся і ён, Алесь Каско, наш паэт-патрыёт Беларусі, улюбёны ў жыццё, у людзей, у белы свет, далікатны і вытанчаны лірык.
Васіль Жуковіч, ганаровы грамадзянін Камянецкага раёна
