Прэс-аўтаклуб

Калі вы пешаход

Быць пешаходам вельмі адказна. Дарожны рух — складаны працэс, але яго бяспека залежыць ад учынкаў кожнага чалавека. Патрэбна строга захоўваць Правілы дарожнага руху. Асабліва важна правільна паводзіць сябе на вуліцы, умець пераходзіць дарогу і ведаць правілы для пешаходаў. Перад тым, як зрабіць крок на праезную частку, неабходна ўпэўніцца ў адсутнасці транспартных сродкаў; дарогу пераходзіць толькі на зялёны сігнал светлафора і па пешаходным пераходзе; нават на дазваляючы сігнал трэба ўпэўніцца, што ўсе машыны ўступаюць вам дарогу; нельга пачынаць пераход праезнай часткі на мігаючы зялёны; дзецям на ёй няма месца для гульняў і забавак.
Пешаходам забараняецца выходзіць на праезную частку з-за стаячага транспартнага сродку ці іншай перашкоды, што абмяжоўваюць бачнасць, не ўпэўніўшыся ў адсутнасці транспарту, які набліжаецца. Пешаходам варта быць заўсёды ўважлівымі і асцярожнымі на дарогах, хадзіць толькі па тратуарах ці пешаходных дарожках, прытрымлівацца правага боку, а дзе іх няма — па абочыне ці веласіпеднай дарожцы, калі гэта не перашкодзіць руху веласіпедыстаў.

Дзецям — асаблівая ўвага

Дзеці — асобная катэгорыя пешаходаў, і да яе павінен быць асаблівы падыход. Бацькам, калі яны пераходзяць праезную частку разам з дачкою або сынам, патрэбна каменціраваць дарожную сітуацыю, тлумачыць правілы пераходу, каб іх дзеці, якія вырастуць і стануць самастойнымі ўдзельнікамі дарожнага руху, не разгубіліся, а дзейнічалі правільна і спакойна ацэньвалі сітуацыю.
Што трэба памятаць пры перахо-дзе праезнай часткі:
— не пераходзьце дарогу на чырвоны сігнал: калі дзіця разам з вамі, яно зробіць так і само, упэўненае, што гэта яму нічым не пагражае: і з бацькамі пераходзілі і перабягалі паспяхова;
— выходзячы на праезную частку, спыняйце ўсялякія размовы, не адказвайце на званкі па мабільным тэлефоне: дзіця павінна прывыкнуць, што пры пераходзе дарогі размаўляць не патрэбна;
— не спяшайцеся і не бяжыце: пераходзьце дарогу размераным крокам, інакш дзіця прывыкне спяшацца і бегаць там, дзе патрэбна назіраць, каб бяспечна перайсці праезную частку;
— не перасякайце дарогу пад вострым вуглом да краю праезнай часткі, падкрэслівайце і паказвайце сваім дзецям кожны раз, што ідзяце строга ўпоперак вуліцы. Ім патрэбна тлумачыць, што гэта робіцца дзеля лепшага назірання за транспартнымі сродкамі;
— не выходзьце на праезную частку з малым з-за транспартнага сродку ці з-за кустоў, не агледзеўшы папярэдне вуліцу, так як ён прывучыцца рабіць гэтак жа;
— не спяшайцеся перайсці дарогу, калі на другім баку вы ўбачылі сяброў, родзічаў, знаёмых, патрэбны аўтобус ці тралейбус. Не бяжыце да іх, тлумачце дзецям, што гэта небяспечна;
— не пачынайце пераходзіць вуліцу, па якой рэдка праязджае транспарт, не агледзеўшыся вакол. Тлумачце дзецям, што аўтамабілі нечакана могуць выехаць з перавулка, з двара дома;
— пры пераходзе праезнай часткі па нерэгулюемым скрыжаванні ў групе людзей вучыце дзяцей уважліва сачыць за пачаткам руху транспарту, інакш яны могуць прывыкнуць пры пераходзе пераймаць паводзіны спадарожнікаў і не рабіць самастойных назіранняў і вывадаў.
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС