Праз інтэрнэт перапісаліся звыш мільёна чалавек

У перапісе насельніцтва, паводле дадзеных на 9.00 14 кастрычніка, прынялі ўдзел 2 млн 753,3 тыс. беларусаў, з іх праз інтэрнэт перапісаліся 1 млн 73,9 тыс. чалавек, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Доля тых, хто аддаў перавагу запаўненню анкеты анлайн, ад агульнай колькасці перапісаных складае цяпер 39 працэнтаў. З іх 60,2 працэнта — жыхары Мінска.
На першым этапе перапісу можна запоўніць апытальныя лісты самастойна праз інтэрнэт, на стацыянарным участку або нават на сваім працоўным месцы, калі арганізацыя выкарыстоўвае магчымасці мабільных участкаў. Карыстальнікі інтэрнэту могуць запоўніць анкету самастойна па адрасах www.перапіс.бел і www.census.by, выкарыстоўваючы пры гэтым рэсурс міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі. Для анлайн-перапісу выдзелены працяглы перыяд — з 4 па 18 кастрычніка. Паралельна працуюць мабільныя стацыянарныя ўчасткі па заяўках арганізацый.
БелТА