ПРАФСАЮЗЫ НАЗІРАЮЦЬ, ЯК ПРАЦОЎНЫХ АБАРАНЯЮЦЬ

Кожны год рэйдавыя групы тэхнічнай інспекцыі працы Брэсцкага абласнога аб’яднання абкамаў галіновых прафсаюзаў наведваюць Жабінкаўшчыну, каб высветліць, што робіцца ў раёне на карысць людзей працы.

На практыцы паназіралі…

У сераду, 23 лістапада, прадстаўнікі ФПБ на чале з галоўным тэхнічным інспектарам працы абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргеем РЫЖКОЎСКІМ пабывалі ў нашым раёне. Яго суправаджалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна КАЛЫБСКАЯ і журналіст “СП”.
— Асноўная наша задача — высветліць, як на Жабінкаўшчыне вырашаюцца пытанні аховы працы, — патлумачыў мэты сваёй групы Сяргей Мікалаевіч у Жабінкаўскай архітэктуры.
Аглядам дакументацыі, якая вядзецца ва ўстанове, галоўны інспектар працы быў цалкам задаволены. Гартаючы журналы, ён неаднойчы паўтараў з задавальненнем кіраўніку арганізацыі Аляксандру ЦАРОВУ:
— Усё дакладна, усё як след! Прынамсі, праграма ўводнага інструктажу падрабязна распісана на ўсе выпадкі жыцця, яе можна ацаніць на выдатна.
Адзначым адразу, ва ўсіх арга-нізацыях, дзе пабываў Сяргей Рыжкоўскі, адчулі яго добразычлівыя адносіны, імкненне падказаць і дапамагчы. Гэта найперш патрэбна тым, хто нядаўна стаў адказным за ахову працы. Прыкладам, Таццяна ЛЕХІНКО з тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва ў гэтай ролі ўсяго каля трох месяцаў, таму ўважліва прыслухоўвалася да парад, пазначала, на якія нормы заканадаўства перад усім патрэбна звяртаць увагу. На асаблівым кантролі ў гэту пару — тэмпературны рэжым, а заўсёды — калектыўны дагавор, як паветра патрэбны для абароны правоў працаўнікоў. Таму прафсаюзны спецыяліст агледзеў і дакументацыю, і кацельную ва ўстанове на Калгаснай.
Думка, якая не раз гучала з яго вуснаў, тычылася галоўнага. А што ёсць галоўнае?

— Патрэбна, каб чалавек працаваў з радасцю і жывым-здаровым вяртаўся дамоў у сям’ю, — лічыць Сяргей Мікалаевіч і выказвае пажаданне: — Беражыце супрацоўнікаў, бо яны робяць вялікую справу — клапоцяцца пра людзей, якім патрэбна дапамога. Вучыце сацыяльных работнікаў, сядзелак, вадзіцеляў, каб яны былі больш адказнымі перад самімі сабой, зберагалі здароўе, калі выконваюць свае абавязкі.
Тым часам да рэйдавай групы далучыўся намеснік старшыні райвыканкама Сяргей ХІЗОЎ, які курыруе ў раёне эканамічную сферу.
У дыстанцыі пуці Сяргея Рыжкоўскага сустракалі адразу два інжынеры па тэхніцы бяспекі — Ірына ЛЯЎКО і Сяргей БАЦОХА. І гэта не дзіўна: па-першае, нашы пуцевікі абслугоўваюць ажно дзесяць раёнаў Брэстчыны, па-другое, калектыў перавышае паўтысячы чалавек (з іх толькі каля сотні працуюць непасрэдна ў Жабінцы і наваколлях). Галоўны тэхнічны інспектар аховы працы не выказаў нараканняў пры знаёмстве з дакументамі і пры наведванні двух участкаў, дзе працоўныя і побытавыя ўмовы аказаліся на належным узроўні. У тым жа ён пераканаўся на чыгуначнай станцыі Жабінка, дзе Сяргея Мікалаевіча правяла па памяшканнях начальнік арганізацыі Ірына МІКІЦЮК.

…а затым абмеркавалі

Лагічным працягам стаў семінар-нарада ў райвыканкаме, на якім былі падведзены папярэднія вынікі маніторынгу. На сустрэчы, акрамя кіраўніка групы, выступілі абласныя тэхнічныя інспектары працы Іосіф АНДРАЮК і Ігар ЦІМАШУК. Яны распавялі пра вынікі наведвання дзіцячай школы мастацтваў і раённай кінавідэасеткі, Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння, санаторыя “Надзея”, які належыць Брэстаблгазу, і ТАА “Лясная гавань”, размешчанага ва ўрочышчы Сасновы Бор.
Пачынаючы нараду, старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК зазначыў, што такія маніторынгі патрэбны, каб зразумець, як выглядае Жабінкаўшчына ў ахове працы сярод іншых раёнаў вобласці. Да таго ж, погляд з боку бывае вельмі карысным, паколькі часам дазваляе заўважыць тое, што нябачна на месцы. Парушэнні, якія выяўляліся раней мясцовымі спецыялістамі, былі неадкладна выпраўлены.
Міжволі тэмай размовы стаў пошук адказу на пытанне, што супольна павінны рабіць улады і прафсаюзы, каб прафілактыка траўматызму прыносіла плён. Сяргей Рыжкоўскі засведчыў, што ў вобласці павялічылася колькасць загінулых на вытворчасці. На 18 лістапада такіх выпадкаў налічвалася 24 (летась за аналагічны час было 16), на шчасце, колькасць траўміраваных зменшылася з 77 да 64 чалавек. Але гэта ніякім чынам не можа стаць прычынай для супакаення. Прычым адказны абавязак кладзецца на плечы грамадскіх інспектараў, якіх у раёне 306. На думку старшыні райвыканкама, іх дзейнасць патрэбна актывізаваць. У прыватнасці, яны павінны сачыць, каб на вытворчасці не было працаўнікоў нападпітку. Бо гэтая заганная з’ява — адзін з самых небяспечных крокаў на шляху да бяды.
— Усім трэба разумець узровень сацыяльнай адказнасці, — падкрэсліў Вадзім Краўчук. — Неабходна дзейнічаць на апераджэнне, не толькі расказваць, але і паказваць відэа, дзе дэманструюцца трагедыі. Прыемна, што ўдзельнікі маніторынгу не выявілі істотных хібаў у нашай працы, зафіксавалі, што сістэмных памылак на Жабінкаўшчыне няма. Дзякую ім за дапамогу.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і Васіліны ВАЙТОВІЧ