Штогод прафсаюзныя арганізацыі Жабінкаўшчыны традыцыйна ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Як паведамілі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе акумулююцца дабрачынныя сродкі, у дапамозе шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям ужо прынялі ўдзел многія ўстановы і прадпрыемствы Жабінкаўшчыны. Прычым, грошы паступаюць як з прафсаюзных арганізацый, так і ад наймальнікаў.
Так, раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якая складаецца з 28 ячэек, ужо выдаткавала амаль 700 рублёў. Найбольш актыўнымі ў гэтай высакароднай справе сталі ўсе тры гарадскія школы, Крыўлянская і Ракітніцкая адзінаццацігодкі, а таксама яслі-сады № 3 і № 5 горада Жабінкі.
Прыкладам для астатніх павінны стаць і прадпрыемствы. Так, прафсаюз ПМК-10 выплаціў тым, хто мае патрэбу для падрыхтоўкі дзяцей да 1 верасня, больш за 500 рублёў, яшчэ звыш тысячы выдзелена за кошт наймальніка. Не застаюцца ўбаку і аграрыі. Прыкладам, у ААТ “Жабінкаўскі” прафсаюз унёс у скарбонку дабрачыннасці 2050 рублёў, а наймальнік, на падставе калектыўнага дагавора, – больш за 5600.
Штогадовая акцыя працягваецца.
