ЖАНЧЫНА! МЕЛОДЫЯ Ў КОЖНЫМ ІМЕНІ ТВАІМ
Вельмі многія прадстаўніцы прыгожага полу ў Год беларускай жанчыны штодня даказваюць, што іх рукам падуладныя ўсялякія, нават надзвычай адказныя справы. У ліку такіх жанчын – аператар пульта кіравання ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Алена Рычко, якая ўжо больш за трыццаць гадоў прысвяціла роднаму прадпрыемству. А сёлета імя Алены Віктараўны ўпрыгожыла раённую Дошку гонару. Гэтак былі ўшанаваны яе высокі прафесіяналізм і адданасць справе.
Следам за татам і бабуляй
Карэнная жабінкаўчанка Алена Рычко нездарма лічыць сябе прадаўжальніцай працоўнай дынастыі. Яна пачыналася паўвека таму, заснавальніцай дынастыі стала бабуля Вольга Самалюк. Вольга Іванаўна, якая шмат гадоў прысвяціла вытворчасці, калі надышоў час, перадала своеасаблівую эстафетную палачку сыну Віктару, што ўвішна працаваў на кары. У трэцім пакаленні свае лёсы з камбікормавым заводам звязалі дочкі Віктара Аляксандравіча. Пра тое з гонарам і задавальненнем згадвае Алена Віктараўна:
– Следам за бабуляй і татам прыйшла мая чарга стаць працягам працоўнай дынастыі. І гэтым вельмі ганаруся. Акрамя таго, заводу прысвяціла жыццё і мая малодшая сястра Ірына Мацука, якая зараз з’яўляецца майстрам змены.
Аднак Алена Віктараўна не адразу трапіла на завод. Калі дзяўчына заканчвала восьмы клас, у родную сярэднюю школу №1 горада Жабінкі наведаліся пасланцы з Кобрынскай прадзільна-ткацкай фабрыкі (сённяшняга адкрытага акцыянернага таварыства “Ручайка”). Госці настолькі прыцягальна расказвалі пра сваё прадпрыемства, што не толькі Алена, але і яе сяброўкі Тамара ды Света вырашылі пайсці вучыцца ў Кобрын.
Дзяўчаты займаліся разам, калі асвойвалі навыкі ды ўменні прадзільшчыц, і пры гэтым моцна сябравалі. Нават цяпер, праз многія гады, як былыя аднакурсніцы сустракаюцца, з цеплынёй згадваюць час вучобы, дзеляцца навінамі. Прыемна, што ўсе знайшлі шчасце не толькі ў працы, але і дзяцей выгадавалі ды ўжо і бабулямі сталі. Адным словам, ёсць пра што перамовіцца.
На родным заводзе
У хуткім часе пасля заканчэння вучобы ў Кобрыне Алена Віктараўна вярнулася на малую радзіму. Як часта бывае, паўплывалі сямейныя абставіны. Яна сустрэла будучага мужа і зноў прыехала ў Жабінку. Уладкавалася ў філіял завода “Цветатрон”, які існаваў тады ў нашым горадзе. Разам з іншымі працаўнікамі малады спецыяліст займаўся вырабам патрэбных у электроніцы рэчаў.
Аднак на календары былі сумна вядомыя дзевяностыя гады мінулага стагоддзя – часы неспакойныя і шмат у чым нестабільныя. Вытворчасць скарачалася, а неўзабаве зусім была расфарміравана.
Узніклі вострыя пытанні: “Куды пайсці далей? Дзе знайсці новае, больш надзейнае месца працы?” Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. У першы ліпеньскі дзень 1993 года для Алены Віктараўны прагучаў заводскі гудок. І гэтым заводам стала буйное прадпрыемства ў будучым горадзе-спадарожніку па вырабе камбікармоў. Як затым аказалася, выбар быў зроблены правільна, на ўсё жыццё.
– І за гэты працяглы час, – гаворыць пераканаўча Алена Рычко, – ніколі не ўзнікала нават думкі памяняць месца. Праз нейкі месяц, 1 ліпеня, будзе ўжо трыццаць тры гады, як працую на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”.
За такі немалы перыяд наша гераіня здолела асвоіць, лічыце, усе вытворчасці на родным прадпрыемстве. Разам з заводскімі паверхамі, дзе даводзілася шчыраваць, рос, канечне, вопыт, папаўняліся веды ды навыкі, патрэбныя на вытворчасці.
Пачынала Алена Віктараўна апаратчыцай (зараз гэтай пасадзе адпавядае аператар працэсу перапрацоўкі зерня). А затым – новая прыступка на кар’ернай лесвіцы. Больш за пятнаццаць гадоў Алена Рычко займаецца надзвычай важнай і адказнай справай, паколькі з’яўляецца аператарам пульта кіравання. Кола яе абавязкаў шырокае.
– Практычна даводзіцца кіраваць вельмі важнай вытворчасцю, прынамсі, камбікормавым цэхам, які можна без перабольшвання лічыць адным з самых важных на заводзе, – гаворыць наша гераіня. – Усё цяпер выведзена на камп’ютары, пагэтаму можна сказаць, што ў маіх руках засяроджаны ўвесь працэс. Даводзіцца кожную сваю змену ўключаць і выключаць вытворчасці камбікармоў.
Перш-наперш гэта вельмі адказная справа, якую далёка не кожны можа выконваць. А таму дзейнасць Алены Віктараўны заўсёды навідавоку і знаходзіць прызнанне ды высокую ацэнку ў кіраўніцтва прадпрыемства і іншых калег-завадчан.
За тыя дзесяцігоддзі, што прысвечаны роднаму прадпрыемству, Алена Рычко ўжо не аднойчы заслужыла прызнанне і пашану за свой прафесіяналізм. Кожны яе поспех – на карысць роднаму заводу. Нездарма ў скарбонцы яе ўзнагарод – Ганаровая грамата прадпрыемства, імя выдатнай працаўніцы ў 2024 годзе занесена ў Кнігу працоўнай славы і на Дошку гонару камбікормавага завода, а сёлета па выніках мінулага года імя Алены Віктараўны ўпрыгожыла таксама Дошку гонару Жабінкаўскага раёна.
– Вельмі прыемна атрымаць такое прызнанне сваіх заслуг, – прызнаецца Алена Віктараўна. – Для мяне гэта вялікі гонар, які вымушае працаваць яшчэ лепш, каб пацвердзіць аказаны давер.
Прыемна таксама, што высокае прызнанне прыйшло ў Год беларускай жанчыны. З гэтай нагоды Алена Рычко віншуе іншых прадстаўніц прыгожага полу:
– Хочацца ўсім жанчынам роднай Беларусі пажадаць у іх год моцнага міру. Няхай ён існуе ў іх сем’ях і на ўсёй Зямлі. А яшчэ – кожнай мець здароўе, няхай гэтае пажаданне распаўсюджваецца і на блізкіх людзей. І нарэшце, жадаю шчасця, якога не можа быць многа!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
