Сакавік – вясны пачатак. Абуджаецца прырода, а гэта значыць, час рыхтаваць глебу пад будучы ураджай.
— Я ў полі сёння трэці дзень, — кажа араты з сельгаставарыства “Жабінкаўскі” Васіль СЕЛЯХ. — Рыхтую ворыва пад кукурузу каля вёскі Пруска. Глеба тут мяккая, “Джон-Дзір” цягне плугі без напругі. Настрой вясновы, хаця надвор’е цяплом не песціць. Чакаю, калі з выраю нашыя “аграномчыкі” прыляцяць – буслы. З імі любая праца ў полі спорыцца!
Дырэктар гаспадаркі Міхаіл ВЯЧОРКА запэўнівае: палявыя работы ідуць па графіку. Зараз уносіцца арганіка, вядзецца падкормка шматгадовых траў каліем, назапашваюцца тукі.
— Летась мы распачалі вясновыя палявыя работы 5 сакавіка, сёлета таксама ў гэты ж дзень, – расказвае Міхаіл Мікалаевіч. – Неабходна ўзараць каля тысячы гектараў ворыва, з якіх 510 адведзена пад яравыя. Энерганасычанай тэхнікі ў нас хапае, палівам і ГЗМ забяспечаны дастаткова. Частка палёў, што ў нізінах, яшчэ вільготная, таму выводзім тэхніку туды, дзе яна не загразне. Калектыў выдатны, згуртаваны, працаздольны. Так што, думаецца, сур’ёзных перашкод не будзе.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
