Пра мацярынства, поспехі раёна і перапіс насельніцтва

Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара і Крысціны СЕМЯНЮК.

У чацвер раніцай інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з кіраўніком раёна Віталем Кулаком завітала ў калектыў Жабінкаўскай сельгастэхнікі.
Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Дземідзюк нагадаў калегам, што ў гэтым месяцы ўвага ўдзяляецца дзвюм тэмам: абароне мацярынства і дзяцінства ў нашай краіне, а яшчэ вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны за першае паўгоддзе 2019-га. Цікавыя выступленні для работнікаў сельгастэхнікі падрыхтавалі шматлікія госці. Акрамя Віталя Кулака, на сустрэчы прысутнічалі яго намеснік Андрэй Кузьміч і намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Тарасевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вера Бортнік, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Анатоль Лаўрукевіч, начальнік аддзела статыстыкі Алена Асадчая.
Першая тэма аб’яднала выступленні Анатоля Іванавіча і Вольгі Сцяпанаўны. Галоўны ўрач гаварыў пра тое, як падтрымлівае інстытут сям’і сфера аховы здароўя. Ён агучыў праблемныя моманты: зніжэнне нараджальнасці, тэндэнцыю павелічэння ўзросту мацярынства, а таксама частага распаду шлюбаў. Спыніўся на экстракарпаральным апладненні, захворваннях дзяцей і неабходнасці прышчэпак, назваў цікавыя факты, звязаныя з дзіцячай кардыяхірургіяй і працай рэанімацыйных служб. Наша Беларусь уваходзіць у пяцёрку краін Еўропы, якія маюць найменьшую колькасць трагедый падчас родаў. Расказаў, як арганізавана медыцынская дапамога цяжарным жанчынам і дзецям непасрэдна на Жабінкаўшчыне, закрануў іншыя пытанні. Анатоль Іванавіч заўважыў, што асаблівую ўвагу патрэбна ўдзяляць тым умовам, якія будуць спрыяць павелічэнню ўзроўню нараджальнасці. Ён шчыра падзякаваў калектыву сельгастэхнікі за дапамогу ў правядзенні рамонтных работ на медыцынскіх аб’ектах нашага раёна.
Тэму прадоўжыла Вольга Тарасевіч. Яна падрабязна расказала, на якую сацыяльную абарону могуць разлічваць матулі і дзеці ў Беларусі. Гаварыла пра матэрыяльныя бонусы рознага характару, якія распаўсюджваюцца на іх. Самая значная грашовая дапамога — гэта выплата па доглядзе за дзіцём да трох гадоў. Вялікі аб’ём інвестыцый накіроўваецца на падтрымку шматдзетных сем’яў. Напрыклад, з 1 студзеня 2015 года рэалізуецца праграма сямейнага капіталу. Асноўнымі ўмовамі прадастаўлення такога матэрыяльнага бонуса з’яўляецца нараджэнне, усынаўленне ці ўдачарэнне трэцяга або наступных дзяцей, грамадзянства Рэспублікі Беларусь аднаго з бацькоў, пастаяннае пражыванне на тэрыторыі нашай краіны. Плануецца працяг праекта на новы пяцігадовы тэрмін. Вольга Сцяпанаўна растлумачыла, якая дапамога прадугледжана для малазабяспечаных сем’яў і тых, што апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы. Больш падрабязна спынілася на паказчыках Жабінкаўшчыны. Яна адзначыла: захаванне сямейных каштоўнасцяў — адна з самых галоўных задач.
Кіраўнік раёна Віталь Кулак гаварыў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Брэстчыны і нашага раёна ў прыватнасці. Звярнуў увагу на станоўчую дынаміку і агучыў праблемныя моманты. Спыніўся на экспарце тавараў і паслуг, працаўладкаванні насельніцтва, заработнай плаце, дзейнасці значных прадпрыемстваў вобласці. Гаварыў таксама пра малое і сярэдняе прадпрымальніцтва, агучыў лічбы, якія сведчылі пра прыбытак разнастайных арганізацый, называў і тыя, што знаходзяцца ў няпростым стане. Жабінкаўшчына можа пахваліцца: на тэрыторыі раёна ўсё часцей узнікаюць мікра- і малыя арганізацыі. Па выніках паўгоддзя чатыры нашы прадпрыемствы спрацавалі са стратамі. Выступоўца падрабязна спыніўся на малочнай прадукцыі. У малочных рэках Жабінкаўшчыны 96 % малака цячэ гатункам “экстра” і вышэйшым. Тэма сельскай гаспадаркі наогул стала асновай выступлення. У параўнанні з мінулым годам у нашых сельгаспрадпрыемствах падчас жніва намалацілі амаль на сем тысяч тон збожжа больш. Зноў жа найчасцей менавіта гэтая сфера патрабуе новых спецыялістаў, запрашае жабінкаўцаў на працу. Віталь Уладзіміравіч таксама зацікавіў прысутных пытаннем будаўніцтва — значна ўзрасла мажлівасць займець жыллё ў райцэнтры. Расказаў пра рамонт розных сацыяльна значных аб’ектаў раёна — школ, дзіцячых садоў, лячэбных устаноў, іншых. Не засталася ўбаку і тэма арганізацыі адпачынку. Кіраўнік раёна паведаміў, што 1 верасня плануецца адкрыццё мемарыяльнай зоны гарадскога парку, а таксама расказаў пра сучасныя магчымасці абноўленага кінатэатра “Юбілейны”.
Начальнік аддзела статыстыкі Алена Асадчая ў сваім выступленні вялікую ўвагу надала пытанню перапісу насельніцтва. Нагадала, што ён пройдзе з 4 па 30 кастрычніка. Запрасіла ўсіх паўдзельнічаць і падысці да гэтага з асаблівай адказнасцю. Заўважыла, што спосабаў шмат! Можна зрабіць працэдуру самастойна дома з дапамогай інтэрнэту ці звярнуцца да спецыялістаў па месцы працы. У Жабінцы ў аддзеле статыстыкі таксама кожны дзень з ранку да вечара ў названы перыяд будзе працаваць стацыянарны ўчастак, куды можна прыйсці і адказаць на пытанні перапісу. Пасля 18 кастрычніка, калі вы яшчэ не прынялі ўдзел, перапісчык прый-дзе да вас дадому.
Напрыканцы сустрэчы дырэктар Жабінкаўскай сельгастэхнікі Уладзімір Дземідзюк падзякаваў выступоўцам за змястоўную інфармацыю.