Пра генацыд – у Год гістарычнай памяці

У абласным краязнаўчым музеі 10 жніўня ладзіўся круглы стол на тэму “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Мерапрыемства адбылося з ініцыятывы абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

Як заўважыла ва ўступным слове яе кіраўнік Валянціна ПУХ, пасяджэнне круглага стала – працяг абласнога праекта “Дарога памяці”, удзельнікі якога наведалі памятныя і трагічныя мясціны Брэстчыны, пабывалі на месцах расстрэлаў мірных жыхароў. Праект аказаў незабыўныя ўражанні на прадстаўніц саюза жанчын, даў магчымасць многае пераасэнсаваць у Год гістарычнай памяці.

Валянціна Мікалаеўна падкрэсліла, што мы не павінны забываць самі пра трагічныя падзеі ваеннага ліхалецця і абавязкова расказваць пра іх маладому пакаленню, сваім дзецям, вучням.

Падчас работы круглага стала намеснік пракурора Брэсцкай вобласці старшы саветнік юстыцыі Данііл ДЗЯРАБІН расказаў пра ход расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных навук БрДТУ Вікторыя СУШКО падкрэсліла ў сваім выступленні актуальнасць праблемы фальсіфікацыі гістарычнага мінулага. Прэзентацыю пра калабарацыянісцкія арганізацыі на тэрыторыі БССР прадставіў аспірант кафедры ўсеагульнай гісторыі БрДУ Сяргей ЖУК.

У рабоце дыялогавай пляцоўкі прыняла ўдзел і дэлегацыя Жабінкаўскай раённай арганізацыі БСЖ на чале з Ганнай КУЛАГІНАЙ.