Пра Драмлёва на “Беларусь-3”
Сёлета лёсу нашай вогненнай вёскі адводзіцца надзвычай шмат увагі. Гэта звязана не толькі з тым, што ў верасні адзначалася 80-годдзе трагедыі і саракавыя ўгодкі з часу ўзнікнення мемарыялу. Драмлёўская трагедыя — адзін з найбольш яскравых і кранальных прыкладаў генацыду беларускага народа, здзейсненага карнікамі
11 верасня 1942 года. Каб як мага больш жыхароў нашай краіны і замежжа даведаліся пра той крывавы Галавасек, 13 снежня ў мемарыяле пабывала здымачная група тэлеканала “Беларусь-3” на чале з Аленай ДАМІЕВАЙ. Дакументальны фільм, прысвечаны падзеям у Драмлёве, павінен выйсці ў эфір яшчэ да канца Года гістарычнай памяці. Сачыце за праграмай перадач!
“Пернік для майго горада”
“100 ідэй для Беларусі” — праект, дзякуючы якому маладыя беларусы могуць прапанаваць свае рашэнні і навацыі для паспяховага развіцця роднай краіны. Гэта ўжо 12 сезон праекта, які сапраўды карыстаецца папулярнасцю ў моладзі. Навучэнцы нашай трэцяй гарадской школы — яго актыўныя ўдзельнікі. Для ўдзелу ў праекце дзесяцікласніца Марыя САРОКА пры падтрымцы педагогаў Сняжаны ЛЫСЕНКА, Аліны ЗАШЧУК і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Юліі ЛУКШЫ распрацавала бізнэс-ідэю “Пернік для майго горада”. Яе мэта — брэндзіраванне рэгіёна ў прамысловым турызме. Для гэтага неабходна стварыць моладзевую бізнес-кампанію па вырабе пернікаў ручной работы па індывідуальным рэцэпце з выкарыстаннем натуральнага мёду, у форме герба Жабінкі, жабы, буракоў, мяшэчкаў з лагатыпамі камбікормавага і цукровага заводаў, цягнікоў і гэтак далей. Па выніках прэзентацыі ідэі Марыя атрымала самыя высокія водгукі экспертнай камісіі і сваю ідэю прадставіць на абласным этапе ў Брэсце.
У музеі новая выстава
Да 18 снежня ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі праходзіць выстава “Тварэнне душы і рук”. Тут можна ўбачыць ручнікі, гарлачыкі і іншыя прадметы побыту, створаныя рукамі жыхароў Жабінкаўшчыны.
