А даўгі ўсё паступаюць
Даўжнік Д. зарэгістраваны ў вёсцы. Каб спагнаць з яго запазычанасці, судовым выканаўцам давялося выехаць па месцы рэгістрацыі. Аднак мужчыны там не аказалася. Ягоны бацька патлумачыў, што сын знаходзіцца дзесьці ў Жабінцы, дзе дакладна — невядома. А даўгі, між тым, працягвалі паступаць. Супрацоўнікі АПВ аформілі на імя начальніка РАУС прывад у адносінах да нядобрасумленнага плацельшчыка, і ўчастковы даставіў Д. у аддзел прымусовага выканання. Там адбылася размова. Мужчына пісьмова пакінуў тлумачэнні сваіх паводзін і абавязаўся выплаціць даўгі ў адносінах банка. Адзін раз квіток прадаставіў ды знік зноў. Але цяпер яго адрас судовым выканаўцам быў вядомы, і тыя наведаліся ў кватэру, каб даведацца, які матэрыяльны стан у даўжніка. Высветлілася, што жыве мужчына з сужыцелькай, а ўсяго багацця мае толькі чацвёра дзяцей, з іх двое — агульныя. Маёмасці няма, працы таксама, і цяпер Д. ходзіць перыядычна ў АПВ ад павесткі да павесткі. Абяцанняў шмат, ды спраў нябачна. Толькі і чуваць: “Я ж не ўхіляюся ад выплат, вось толькі няма грошай пакуль”. Зразумела, калі Д. не працаўладкуецца, даўгі ўсё будуць прырастаць.
Пра асінкі ды апельсінкі
Для большасці людзей сям’я — гэта фундамент для асновы жыцця, аднак бываюць, на жаль, і зусім іншыя, адмоўныя прыклады. Як у выпадку, пра які раскажам. Жыве ў нашым горадзе маладая сям’я: тата, мама, двое дзяцей. Прычым маладая матуля паходзіць з сям’і, у якой маці была абавязанай асобай. А гэта значыць, выплачвала дзяржаве грошы за ўтрыманне дачкі, пакуль тая не стала дарослай. Але ж нездарма гаворыцца: “Ад асінкі не родзяцца апельсінкі” або “Яблык ад яблыні недалёка падае”… Цяпер ужо дарослая дачка ў адносінах да сваіх сыноў, якім толькі год і тры, таксама абавязаная. Не працуюць абодва бацькі, дзеці — пад апекай, а гора-тату ды гора-маму рыхтуюць у ЛПП, бо маладыя занадта сябруюць з зялёным змеем.
Хата, поўная раздору
…А як усё добра калісьці пачыналася пад гукі марша Мендэльсона. Вось толькі час мінуў, і каханне дзесьці знікла, трэшчына моцная з’явілася ў сям’і. Прычым, не толькі вобразная ў адносінах мужа і жонкі, але і натуральная ў хаце, дзе яны жывуць. Цяпер, пасля разводу, узнікла паміж імі варажэча. Добраахвотна падзяліць маёмасць яны не здолелі. Некалі дом, дзе быў спакой, цяпер ператварыўся ў хату раздору. Судовыя справы паміж некалі блізкімі людзьмі цягнуліся гадамі. У выніку былому мужу дастаўся невялікі пакойчык, у якім ён абавязаны зрабіць асобны ўваход, правесці ацяпленне. Атрымаў мужчына і акрайчык плота ды агарода. Цяпер ён спрабуе ўладкаваць сваё жыллё, наколькі гэта магчыма. Аднак жанчына яму перашкаджае, нярэдка выклікае міліцыю, нават спускае сабаку на брыгаду работнікаў, якіх наняў былы муж. Без судовых выканаўцаў некалі блізкія людзі нават размаўляць паміж сабою не жадаюць. Калі ж гэтыя канфліктныя сітуацыі спыняцца і дарослыя людзі дамовяцца? Пытанне на сённяшні дзень рытарычнае.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік раённага аддзела прымусовага выканання
