ПРАВАВЫЯ КАНСУЛЬТАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ І ПРАКУРАТУРЫ

У апошнія кастрычніцкія дні ў Жабінкаўскай ПМК-10 і раённым аб’яднанні прафсаюзаў ладзілі прыём грамадзян галоўны прававы інспектар працы абкама прафсаюза работнікаў будаўніцва і прамысловых будматэрыялаў Вольга КАВАЛЁК, прокурор нашага раёна Дзмітрый МАРАЧУК і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна КАЛЫБСКАЯ. У рамках дня прававой асветы працаўнікі азнаёміліся з парадкам прымянення дысцыплінарных спагнанняў. Іх цікавіла, пры якіх умовах магчыма адхіленне ад працы; калі накладаецца “дысцыплінарка” ў сувязі з адсутнасцю на рабочым месцы, а таксама, як афармляюцца працоўныя адносіны ў выпадку выканання работы па той жа прафесіі, але па іншым разрадзе. На ўсе пытанні былі дадзены адказы. Прававыя прыёмы ў аналагічным фармаце працягнуцца ў лістападзе.

ДАКРАНУЦЦА ДА ДУХОЎНАСЦІ І МІНУЛАГА

Наш край надзвычай прывабны ў духоўным і турыстычным плане. Нездарма сюды, каб дакрануцца да нашага багатага мінулага, прыязджаюць госці з розных месцаў. На гэты раз вандроўку ў гісторыю здзейснілі прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі суседняга Брэсцкага раёна. Сярод шматлікіх дзівосаў, якімі вызначаецца Жабінкаўшчына, іх цікавіла найперш Спаса-Праабражэнская царква з аднайменным мужчынскім манастыром у аграгарадку Хмелева. Акрамя таго, людзі сярэбранага ўзросту наведалі мемарыяльны комплекс “Драмлёва” і ўсклалі кветкі ў памяць пра ахвяр 11 верасня 1942 года. Запамінальнай старонкай падарожжа выхаднога дня стала для берасцейцаў і наведванне Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах. Тут госці ў поўнай меры змаглі дакрануцца да мінулага нашага краю.

ТРЫ ПАЭТЫЧНЫЯ ГАЛАСЫ

Як паведаміў намеснік дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар ШНІП, ёсць прыемная навіна для аматараў паэзіі. Прычым, для жабінкаўцаў яна прыемная ўдвая, паколькі зусім нядаўна пабачыў свет лірычны зборнік “Адчыненая хаціна”, на вокладцы якога знаёмыя многім прозвішчы Алеся КАСКО, Васіля САХАРЧУКА і Івана АРАБЕЙКІ. Тры паэты непасрэдна звязаны з нашым краем і раённай газетай: Аляксандр Канстанцінавіч і Васіль Якаўлевіч доўгія гады адпрацавалі ў “Сельскай праўдзе”, а творы Івана Сяргеевіча здаўна ўпрыгожваюць літаратурную старонку “Плынь”. На жаль, першых двух ужо няма на гэтай зямлі, а хмелеўскаму нараджэнцу Івану Арабейку, які дачакаўся ў свае 80 гадоў выхаду новай кнігі, зычым і зараз здароўя і творчага натхнення.

“З НАВУКАЙ У БУДУЧЫНЮ”

Ва ўстановах адукацыі раёна пастаянна вядзецца работа па выяўленні, падтрымцы і развіцці адораных навучэнцаў. Адзін з яе напрамкаў — удасканаленне культуры навуковых даследаванняў. 29 кастрычніка на базе Жабінкаўскай сярэдняй школы № 1 адбылася штогадовая раённая канферэнцыя навучэнцаў “З навукай у будучыню”. На ёй прадставілі свае работы больш за 30 вучняў 8-11 класаў у секцыях: “Літаратуразнаўства”, “Гісторыка-культурная спадчына і сучаснасць”, “Матэматыка”, “Фізіка і астраномія”, “Біялогія”, “Геаграфія”, “Англійская мова”, “Замежныя мовы”.

ШКОЛА МАЛАДОГА ПЕДАГОГА

Яе першае пасяджэнне ладзілася па тэме “Прафесійная адаптацыя маладога педагога”. Аб матэрыяльным стымуляванні, ільготах і даплатах спецыялістам, якія пасля ВНУ ўладкаваліся на першае месца працы, расказала старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла ВАЛЕТАВА. Затым былі праведзены трэнінг “Жыць у міры з сабой ды іншымі” і дыскусія ў форме сусветнага кафэ “Сучасная школа вачыма педагогаў-пачаткоўцаў”.

ТАЛЕНТЫ БЫЛІ АДЗНАЧАНЫ

У мінулыя выхадныя ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці ладзіўся конкурс юных майстроў “Усё ў тваіх руках”. У ім паўдзельнічалі і выхаванцы Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Анастасія ПАНАСЮК і Кацярына ХАМІЦКАЯ. Дзяўчынкі з задавальненнем займаюцца ў аб’яднанні “Мяккая цацка” пад кіраўніцтвам таленавітага педагога Наталлі УЛАСЮК. На конкурсе яны прадэманстравалі свае ўменні і атрымалі высокую ацэнку журы. Кацярына заваявала дыплом
ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Віншуем і жадаем далейшых поспехаў!