Плаціць па даўгах — не капрыз, а абавязак
Жыхарка райцэнтра Е. заві-навацілася банку каля трох тысяч рублёў за крэдыт. У Жабінцы жанчына зарэгістравана, ды вось праблема: знайсці яе ў нашым горадзе аказалася цяжка. Магчыма, яна з’ехала за мяжу. Аднак у аддзеле прымусовага выканання ёсць рычагі для спагнання даўгоў з недобрасумленных грамадзян. Для таго існуе спецыяльная банкаўская аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма AIC IDA. Дзякуючы ёй судовыя выканаўцы паводле закона могуць спісваць з рахункаў даўжнікоў грашовыя сродкі ў неабходнай суме. Гэткім чынам спецыяліст АПВ прад’явіла плацёжнае патрабаванне праз згаданую сістэму, і частка грошай, якія Е. завінавацілася, былі спагнаны. Як толькі гэта адбылося, няўлоўная раней асоба з’явілася ў аддзеле і патлумачыла, што спагнаныя грошы — гэта аліментныя плацяжы на непаўнагадовае дзіця. Аднак жанчыне было патлумачана: у любым выпадку плаціць па даўгах ёй давядзецца, пакуль не пагасіць усю суму.
Машыну разабраў — пад следства папаў
Некалі ў нашай рубрыцы мы ўжо згадвалі пра даўжніка з вёскі Алізараў Стаў і яго аўто. Тады гэта даўгавая справа яшчэ не вырашылася канчаткова, і чытачам было паабяцана, што пра фінал згаданай гісторыі газета паведаміць пазней. І вось такі момант настаў. Аўтамабіль “Фальксваген Шаран” перададзены ў Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці. Гэта зроблена, каб машына была рэалізавана ў даход дзяржавы. Акрамя таго, у адносінах да нядобрасумленнага даўжніка К. было ўстаноўлена, што насуперак папярэджанню аб крымінальнай адказнасці мужчына памяняў у аўто ўсе чатыры колы, хоць быў абавязаны захоўваць “Фальксваген” некранутым да прыходу судовых выканаўцаў. Таму матэрыял у адносінах К. накіраваны ў Жабінкаўскі РАУС і раённы аддзел Следчага камітэта, дзе міліцыянеры і следчыя займаюцца гэтай справай.
Дзяцей не даглядаюць — у ЛПП “адпачываюць”
Ёсць такая катэгорыя гора-бацькоў, якіх называюць аба-вязанымі асобамі. Яны дзяцей нарадзілі, а вось выхоўваць і ўтрымоўваць свае крывіначкі адмаўляюцца. На сённяшні час на ўліку ў АПВ 45 абавязаных асоб, з іх каля 15-ці зусім не паддаюцца перавыхаванню, хоць усе зацікаўленыя службы і правялі з імі прафілактычныя мерапрыемствы. У выніку гэтыя нядобрасумленныя бацькі сёлета былі накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Гэта тычылася найбольш злосных парушальнікаў, якія ўжо неаднойчы бывалі ў ЛПП, а цяпер зноў амаль на два гады пакінулі раён. Будзем спадзявацца, што гэткім чынам яны будуць усё ж перавыхаваны.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік Жабінкаўскага аддзела прымусовага выканання
