ЖАБІНКАЎСКІ. 27 кастрычніка — жалобная дата для Жабінкаўшчыны. У гэты дзень 80 гадоў назад былі расстраляны фашыстамі каля паўтысячы мірных жыхароў, 73 з іх — у былой вёсцы Сцяброва. У чацвер прадстаўніцы раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын на чале з Ганнай КУЛАГІНАЙ сумесна з дырэктарам ААТ “Жабінкаўскі” Міхаілам ВЯЧОРКАМ усклалі кветкі да магілы ахвяр фашызму і ўшанавалі памяць бязвінна расстраляных людзей.
“Гэта наша агульная бяда, боль і скруха, гэта памяць, якая павінна жыць і перадавацца з пакалення ў пакаленне, — сказала Ганна Яўгенаўна. — Такое не павінна паўтарыцца больш ніколі!”
Ганна Кулагіна звярнула ўвагу, што напярэдадні гэтай трагічнай даты сіламі пярвічнай арганізацыі “Жабінкаўскага” было праведзена добраўпарадкаванне прылеглай да помніка тэрыторыі, высаджаны дэка-ратыўныя расліны.

КРЫЎЛЯНСКІ. У мінулую суботу, 29 кастрычніка, работнікі Крыўлянскага сельвыканкама, сельскай бібліятэкі і Дома культуры пасадзілі 15 маладзенькіх сосен і бяроз. Тым самым яны падтрымалі акцыю “Дрэва героя”, ініцыяваную Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. Алея высаджана каля будынка Крыўлянскага СДК у памяць аб воінах, што загінулі ў гады ваеннага ліхалецця, і мае назву “Алея памяці”.
“Такія акцыі — гэта сімвал захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну, мужнасць і гераізм нашага народа, — падкрэсліў старшыня Крыўлянскага сельскага выканаўчага камітэта Анатоль
МАРЧУК. — Дзякуючы людзям, якія мужна выстаялі ў гады вайны, мы жывём пад мірным небам, і гэта бясцэнна. Гонар і слава пакаленню герояў, якія з годнасцю выканалі свой абавязак перад Радзімай. Іх по-дзвіг ніколі не будзе забыты!”

ЛЕНІНСКІ. Алея з саджанцаў вішань, яблынь, грэцкага арэха і 50 маладзенькіх дубкоў таксама ўзнікла ў мінулую суботу каля школы ў аграгарадку Ленінскі падчас рэспубліканскай акцыі “Дрэва памяці”, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці. У пасадцы дрэўцаў прынялі ўдзел ганаровы госць — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК, актывісты БРСМ, работнікі сельсавета, школы і ясляў-сада. Акрамя таго, у рамках месячніка па добраўпарадкаванні ў Ленінскім былі прыбраны ад смецця і апалага лісця тэрыторыі агульнага карыстання.
ХМЕЛЕЎСКІ. На мінулым тыдні вучні Хмелеўскай сярэдняй школы разам з дырэктарам і настаўнікамі паўдзельнічалі ў рэспубліканскай акцыі “Адновім лясы разам!”. З удзелам работнікаў Пятровіцкага лясніцтва Кобрынскага доследнага лясгаса хмелеўскія педагогі і вучні высадзілі саджанцы соснаў і бяроз на плошчы 0,9 гектара ў лесе каля вёскі Чыжэўшчына. Няхай бор і гай там шумяць доўгія гады!
Наталля ВАЛОШКА, Святлана БЯЛЯК
