Рэліквіі Беларусі ў Александрыйскай бібліятэцы
Аб арганізацыі пастаяннай экспазіцыі ў адной з самых вядомых бібліятэк свету год таму дамовілася ФПБ на беларуска-егіпецкім форуме “Уплыў тэхналагічнага развіцця на рабочы асяродак”. Тады старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда выступіў з ініцыятывай перадаць у дар новай Александрыйскай бібліятэцы міні-копіі рэдкіх кніг Беларусі. У калекцыю ўваходзяць творы айчынных класікаў Якуба КОЛАСА, Янкі КУПАЛЫ і Максіма БАГДАНОВІЧА, уключаны і першадрукі Францыска СКАРЫНЫ, а таксама кітабы — рукапісныя кнігі беларускіх мусульман, старажытныя рукапісы, аўтографы знакамітых творцаў. Як паведаміла прэс-служба ФПБ, рэліквіі Беларусі ўпершыню выстаўляюцца ў Александрыйскай бібліятэцы. Папаўненне фонду гэтай культурнай скарбніцы свету за кошт беларускай калекцыі ўжо выклікала ў егіпецкай грамадскасці непадробны інтарэс. Прафсаюзы Беларусі намераны ў далейшым яшчэ больш узмацняць і развіваць двухбаковае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Сёлета ўжо падпісана 14 падобных пагадненняў. Дамоўленасці паміж роднаснымі прафсаюзамі дзвюх краін могуць пераносіцца на высокі ўрадавы ўзровень.
Прыклад шчырай веры
Старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК узна-гародзіў Пісьмом падзякі дабрачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцеля храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы, протаіерэя Сергія ПЕТРУСЕВІЧА. Пра гэта паведамляе Тэлеграм-канал “Жабінка актуальна”. Кіраўнік раёна адзначыў, што ўклад святароў Жабінкаўскага дабрачыння і айца Сергія асабіста ў духоўна-маральнае выхаванне прыхаджан неацанімы. “Асобна хацелася б адзначыць работу маладзёжнага брацтва. Яно актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах і конкурсах розных узроўняў і заўсёды з паспяховымі ўражальнымі вынікамі”, — падкрэсліў Вадзім Краўчук. Айцец Сергій прымаў таксама і віншаванні з днём нараджэння. Кіраўніцтва раёна пажадала яму заставацца прыкладам шчырай веры для кожнага прыхаджаніна і для сваіх блізкіх.
Што на абед? Дартс!
Абедзенны перапынак кожны выкарыстоўвае па-свойму. Нехта спяшаецца дадому, іншы — у кафэ або піцэрыю. А вось у згуртаваным калектыве Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння прыдумалі абедзенны перапынак праводзіць не толькі з карысцю для страўніка, але і для здароўя. Тут па прапанове старшыні прафсаюзнага камітэта Юліі КОЗІК арганізавалі аматарскі турнір па дартсе. У першы раз самымі трапнымі аказаліся галоўны інжынер Анатоль ХАРКОВІЧ, вадзіцель Сяргей КОБЕЦ і кладаўшчык Аляксей СЯНЧУК. Такія “спартыўныя” абеды плануецца зрабіць традыцыйнымі.
“За бяспеку разам!”
У панядзелак стартавала рэспубліканская пра-філактычная акцыя МНС “За бяспеку разам!”. Яе мэта — павысіць узровень бяспекі насельніцтва, папярэдзіць пажары і гібель людзей ад іх у жыллёвым фондзе ў асенне-зімовы перыяд. Падчас акцыі любы жадаючы можа звярнуцца ў тэрытарыяльныя органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях для абследавання супрацьпажарнага стану свайго жылля. Ініцыятыва працягнецца да 2 лістапада.
