ФЛЭШМОБ У ГОНАР МАЦІ

Ужо восьмы год запар напярэдадні Дня маці прафсаюзы краіны распачынаюць флэшмоб — адмысловую рэспубліканскую акцыю “Павіншуем маму разам!”. Сёлета па традыцыі яна пройдзе ў штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ў кожнай прафсаюзнай арганізацыі з 10 па 16 кастрычніка пад лозунгам “Накіруй паштоўку самаму дарагому чалавеку!”. Той, хто пажадае бясплатна перадаць цёплыя віншаванні і пажаданні роднай матулі, зможа накіраваць ёй святочную паштоўку як у папяровым, так і ў электронным выглядзе. Зрабіце прыемнае сваёй маме з дапамогай прафесійных саюзаў. Далучайцеся!

ВЕРШЫ ПРА БРЭСТ

Школьнікі горада над Бугам займаюцца карыснай даследчай працай на тэму “Вобраз горада Брэста ў творчасці паэтаў-землякоў”. Давайце ім дапаможам! Не толькі прафесійныя літаратары, але й пачаткоўцы горада-спадарожніка, якія маюць вершы, прысвечаныя мінуламу і сучаснасці Брэста, могуць даслаць свае творы ў вершаванай форме ў рэдакцыю “СП” альбо на электронны адрас старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяны ДЗЕМІДОВІЧ: tatiana.demidovich@gmail.com. Чакаем вершаў!