У чацвёрцы лепшых
Напрыканцы верасня работнікі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама і падведамасных яму арганізацый паўдзельнічалі у ХІІ рэспубліканскай спартакіядзе работнікаў сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У агульнакамандным заліку берасцейская каманда заняла чацвёртае месца з 15 удзельнікаў. У скарбонцы каманды камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама, у складзе якой выступала і спецыяліст Жабінкаўскага ТЦСАН Кацярына КУЗЬМУК, таксама граматы за трэція месцы ў “Баскетбольным снайперы” і лёгкаатлетычнай эстафеце.
У “Лідарах” — ліцэісты з Жабінкі
У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава традыцыйна ладзіцца конкурс “Лідар ліцэя”. Сімвалічна, што з трох удзельнікаў конкурсу — двое з Жабінкі. Гэта Ілья ХЛУС і Аляксандра РАДКЕВІЧ. Як адзначыў дырэктар абласной навучальнай установы Генадзь ІВАНЧЫН, Ілья і Аляксандра прапанавалі свае праграммы паляпшэння ліцэісцкага асяродку. “Ілья атрымаў мандат даверу ад навучэнцаў і педагогаў, што прымалі ўдзел у галасаванні. У яго і Аляксандры ёсць разуменне, што ў творчай кааперацыі яны змогуць дасягнуць многага, таму ўжо зараз ліцэісты-жабінкаўцы аб’ядналіся дзеля работы на карысць ліцэя на ніве вучнёўскага самакіравання”.
“ДОБРЫЯ СЛОВЫ МАМЕ”
У рамках акцыі “Павіншуем матулю разам!”, якую традыцыйна да Дня маці праводзіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Брэсцкае абласное аб’яднанне прафесійных саюзаў абвяшчае конкурс “Добрыя словы маме”. Да ўдзелу ў ім прымаюцца віншаванні, адрасаваныя самым родным людзям на зямлі. Зрабіць гэта можна ў прозе або ў вершаванай форме. Конкурс праводзіцца сярод сяброў арганізацый прафсаюзаў Брэстчыны. Пераможца атрымае прыз ад арганізатара! Заяўкі на ўдзел у конкурсе накіроўваюцца да 10 кастрычніка на электронны адрас Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў pressbrest@fpb.by. Пры гэтым не забудзьцеся, адсылаючы работу, пазначыць: “На конкурс”.
Чарговая перамога ў інтэрнэт-каруселі
Каманда “Пакровы” маладзёжнага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага горада Жабінкі прыняла ўдзел ў міжнароднай інтэрнэт-каруселі “Над Евангеллем”. Нашы юнакі і дзяўчаты набралі 447 балаў і ў 16 раз сталі параможцамі гульні сярод маладзёжных брацтваў. У лідарах таксама каманда “Галілея” (горад Кунаеў, Казахстан) — 435 балаў і “Візантыя” (горад Алматы, Казахстан) — 434 балы.
“У спартыўным целе — спартыўны дух”
Пад такой назвай ладзілася мерапрыемства на базе СДЮШАР з удзелам людзей шаноўнага ўзросту. Павітала ўдзельнікаў і пажадала перамогі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна МАРЫНІЧ. Каманды “Ералаш” і “Камета” спаборнічалі ў шматлікіх конкурсах: бегалі са скакалкай, кідалі мяч у кальцо, траплялі дроцікамі ў мішэнь, скакалі ў даўжыню, кацілі абручы, выконвалі іншыя заданні. Было вельмі весела ўсім! Па выніках спаборніцтва кожны ўдзельнік атрымаў дыплом, медаль і кнігу “Жабінка — спадарожнік Брэста”.
З-за парты — на футбол!
На базе Дома футбола і тэхнічнага цэнтра Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” адбыўся рэспубліканскі фестываль школьных футбольных клубаў. Падчас яго былі арганізаваны матчы для дзяцей з устаноў адукацыі ўсёй краіны, што выканалі крытэрыі АБФФ на атрыманне звання “Школьны футбольны клуб”. На рэспубліканскі фестываль патрапілі юныя спартсмены з трэцяй гарадской школы Жабінкі разам з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Сяргеем КАРПУКОМ. З сабою дзеці прывезлі процьму ўражанняў і эмоцый!
А што ў музеі?
Даўно не былі ў музеі? Значыцца, час завітаць у наш раённы гісторыка-краязнаўчы музей, што ў Малых Сяхновічах. Там зараз дзейнічаюць дзве выставы: “Чым умела майстравалі” і “Побыт нашых продкаў”. Завітайце сюды, каб пабачыць інструменты і прылады, якімі карысталіся нашы продкі ў ХХ стагоддзі. Першая выстава будзе праходзіць да 9 кастрычніка, другая — да 16-га.
