Дэпутат у акрузе

У сераду, 28 верасня, дэпутат палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанна СТАЦІЎКА пабывала з рабочым візітам на Жабінкаўшчыне. Жанна Уладзіміраўна пачала сваю работу з наведвання новага дзіцячага сада № 6, які гасцінна расчыніў дзверы для юных гараджан у пачатку навучальнага года. Дырэктар навучальнай установы Алеся САВАШЭВІЧ пазнаёміла з матэрыяльна-тэхнічнай базай, паказала басейн, спартыўную і музычную залы, камп’ютарны клас. У новым садзе створаны ўсе ўмовы для развіцця юных выхаванцаў, пакуль іх бацькі рупяцца на працы. У адной з груп госця ўручыла маленькім жабінкаўцам падарункі — часопісы і размалёўкі. Затым дэпутат накіравалася ў райвыканкам, дзе правяла сумесны прыём грамадзян з намеснікам кіраўніка раёна Андрэем КУЗЬМІЧАМ. Далей Жанна Стаціўка праманіторыла цэны ў магазіне “Санта” і аптэцы “Планета здароўя” з канкрэтнымі сістэмнымі прапановамі па стрымліванні інфляцыі і росту цэн.

“Павага. Клопат. Адказнасць”

Пад такой назвай напярэдадні Дня пажылых людзей пачалася акцыя ў нашай краіне. Яе асноўная задача — прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў адказнасці паўнагадовых працаздольных дзяцей за бацькоў, якім патрэбна дапамога. У межах акцыі 30 верасня ўпершыню прайшоў агульнарэспубліканскі марафон па скандынаўскай хадзьбе, у якім паўдзельнічалі і жабінкаўцы шаноўнага ўзросту. А сёння, непасрэдна ў дзень свята, ладзяцца рэспубліканскія спартыўна-масавыя спаборніцтвы “Актыўнае даўгалецце — 2022”, у якіх прымуць удзел пажылыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

ПРА ЖАБІНКУ Ў ПРАЕКЦЕ “ПАЛЕШУКІ”

Пра Палессе гавораць, што гэта край загадкавых лясоў, цудоўных рэк і балот, звязаных са старадаўнімі легендамі і паданнямі. А яшчэ, што палешукам Бог даў кавалачак раю на зямлі. Аднак, калі даведацца аб гэтых дзіўных людзях бліжэй, выявіцца, што рай яны могуць ствараць і самастойна. Ужо не першы год на тэлеканале “Беларусь 24” існуе праект “Палешукі”, які расказвае пра цікавыя мясціны і людзей, што жывуць у гэтым запаветным краі. Цяпер прыйшоў час гледачам больш даведацца і пра нашу Жабінку. Дакладна не пашкадуе той, хто ў нядзелю 2 кастрычніка ў 20.25 уключыць “Беларусь 24”. Перадачу пра жабінкаўскі край падрыхтавала Таццяна КАЛАКОЛЬЦАВА. Прыемнага прагляду!

“Горад пад аховай”

Як паведаміў начальнік Жабінкаўскага РАУС Віталь ГАДЛЕЎСКІ, за восем месяцаў бягучага года на Жабінкаўшчыне зарэгістравана 50 крадзяжоў. Асноўныя прычыны іх здзяйснення — непрыняцце ўласнікамі мер па захаванасці сваёй маёмасці, бестурботнасць і залішняя даверлівасць пацярпелых. Ахвярамі кватэрных крадзяжоў часта становяцца пажылыя людзі. Ахова жылых дамоў, кватэр і іншых памяшканняў грамадзян з дапамогай тэхнічных сродкаў, што кантралююцца пультам цэнтралізаванага назірання, — самы надзейны спосаб абароны маёмасці. Па 2 кастрычніка ў раёне праходзяць агітацыйна-прафілактычныя мерапрыемствы “Горад пад аховай”, мэта якіх — ухіленне ўмоў, што спрыяюць крадзяжам, а таксама забеспячэнне маёмаснай бяспекі юрыдычных і фізічных асоб.