Вось такі “велааматар”

У чэрвені Аляксей Б. за крадзяжы судом раёна быў падвергнуты пакаранню ў выглядзе выпраўленчых работ на адзін год з утрыманнем з заробку 15 працэнтаў на карысць дзяржавы, але на шлях выпраўлення не стаў. Наадварот, у канцы жніўня ўкраў тры(!) веласіпеды.
Спытаецеся, навошта аднаму чалавеку столькі велікаў? Далібог, не ведаем. Можа, рашыў сабраць калекцыю? Зараз жа нямала аматараў збіраць усялякія рэчы. Толькі гэтыя тры “жалезныя кані на колах” не трапяць у Аляксееву “калекцыю”, бо злодзей выяўлены і цяпер на “велааматара” ўзбуджана справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса краіны.

Два Андрэі — “брыгада” зламыснікаў

Не, не дарма Андрэй Л. аб’яднаўся з Андрэем Ш.: разам любую справу рабіць лягчэй. Калі яна скіравана на карысць людзям, то гонар і пашана, а калі наадварот?
Хлопцы заўважылі пустуючы свінарнік паблізу Алізаравага Става і адразу вырашылі, якую выгаду яны могуць мець ад яго. Літаральна за месяц два Андрэі дэманціравалі 31 металічную апору, якія ўтрымлівалі дах, тым самым прынеслі гаспадару стратаў прыблізна на 6640 рублёў, што склала 228,9 базавай велічыні. Узбу-джана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 218.

Захапляешся наркотыкамі — адкажаш па законе

Пра тую злыбяду, што прыносяць наркотыкі, мы пісалі ўжо не раз. Ды, на жаль, усё ж знаходзяцца тыя, хто грэбуе нашымі парадамі і здаровым сэнсам.
Вось, напрыклад, Уладзімір С. сабраў, высушыў і пакрышыў рэчыва зялёнага тыпу. Экспертыза зрабіла сваё заключэнне: гэта небяспечны наркатычны сродак — марыхуана. Вінаваты прызнаўся, што збіраў не дзеля продажу, а для сябе.
Захапляешся наркотыкамі — адказвай па законе. У адносінах да Уладзіміра ўзбуджана справа па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Даверлівых чакаюць страты

У казачнай Лісы Патрыкееўны было ў запасе трыста ўловак, як абхітрыць даверлівых. “Навошта трыста, — скажуць вам дзяльцы ад камп’ютараў, — хопіць і трох-чатырох!” Мы папярэджваем не трапляць на кручок розным махлярам, а людзі ўсё роўна пападаюцца.
Невядомы праз месенджар “Вайбер” звязаўся з Вольгай К. Ён назваў сябе банкаўскім супрацоўнікам і ў час размовы пераканаў жанчыну ўстанавіць прыстасаванне “АнуДэск”, каб займець 670 яе рублёў.
Яшчэ тры “дзяльцы” адгукнуліся на жаданне Антона М., Марыі Ш. ды Маргарыты А. купіць прапанаваны тавар, атрымалі доступ да камп’ютарнай інфармацыі і спісалі на свой рахунак адпаведна 300, 670 і 1000 рублёў. Цяпер на зламыснікаў заведзены крымінальныя справы, іх вышуквае міліцыя.

“Засвяціўся” двойчы.
І кожны раз не з лепшага боку

Сапраўды, за першыя шэсць дзён верасня два разы жыхар райцэнтра Андрэй В. трапіў у поле зроку старшага следчага, і на яго склалі ў райаддзеле Следчага камітэта дзве пастановы.
Пятага верасня — за біццё (і не першы раз!) былой жонкі, а шостага — за наўмыснае ўхіленне ад уплаты, па рашэнні суда, 50 працэнтаў заробку аліментаў, бо той дасюль не працаўладкаваўся і нават не стаіць на ўліку безработных.
Гэткім чынам на Андрэя заведзены дзве крымінальныя справы. Яму давядзецца адказваць у судзе і атрымаць пакаранне па частцы 1 артыкула 154 і па частцы 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса.

Каму чаго не хапала?

Лічыцца, што злодзей бярэ тое, што дрэнна ляжыць і чаго яму не хапала. У гарачы жнівень, калі палівалі градкі, з двара Юрыя С. у Задзерці ў адначассе зніклі два 25-метровыя шлангі і палімерная бочка ёмістасцю ў 260 літраў. Цяпер следчым патрэбна вызначыць: хто незаконна паліваў свой агарод Юрыевымі шлангамі?
А Сяргею Т. патрабавалася зусім нямнога: паесці ўволю. Для гэтага ён выняў шкліну ў акне дома, украў 300 грамаў сыравяленай каўбасы, 100 грамаў вяленага мяса, два марожаныя і 250 грамаў спірту. Атрымалася выдатная вячэра, а цяпер давядзецца, як і таму за шлангі, адказваць за крадзеж.
Па інфармацыі Віталя ГАЛЕНЧУКА, начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь