ГІСТОРЫЯ — ГЭТА АДЗІНСТВА ПАКАЛЕННЯЎ
З нагоды Дня народнага адзінства ліцэісты здзейснілі падарожжы па родным краі, прынамсі наведалі магілу ахвяр фашызму на вуліцы Міру і помнік воінам-інтэрнацыяналістам у цэнтры Жабінкі. У працяг гэтаму 19 верасня яны запрасілі ў госці лектара таварыства “Веды”, аспіранта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргея ЖУКА, які распавёў пра тое, які няпросты 1000-гадовы шлях прайшоў наш народ да стварэння сваёй сучаснай дзяржаўнасці. На яго думку, “не іншыя народы пісалі нашу гісторыю, мы самі гэта рабілі”. Сяргей Жук прывёў прыклады, як продкі сённяшніх беларусаў стагоддзямі змагаліся за сваю незалежнасць і самабытнасць, ствараючы непаўторны культурны падмурак нацыі. Адным з першых сімвалаў незалежнасці, лічыць лектар, стаў Сафійскі сабор у Полацку. Дарэчы, пра тое Сяргей Жук расказваў 1 верасня і Прэзідэнту краіны Аляксандру ЛУКАШЭНКУ на адкрытым уроку “Гістарычная памяць — дарога ў будучыню”, на якім маладому чалавеку пашчасціла пабываць. Сваё бачанне мінулага госць даводзіў на сустрэчы ліцэістам: гісторыя — адзінства пакаленнняў, гэта людзі, якія актыўна ўдзельнічалі ў гістарычных працэсах і сваімі мужнасцю і мудрасцю пісалі нашу гісторыю.
СОРАК ГАДОЎ ПОДЗВІГУ
Чатыры дзясяткі гадоў таму, 16 верасня 1982-га, Жабінкаўшчына панесла першую страту ў Афганскай вайне. У гэты дзень, ратуючы сваіх таварышаў па зброі, у няроўным баі з душманамі склаў галаву наш зямляк — гвардыі яфрэйтар Валерый МІГЕЛЬ. Ён скончыў Ленінскую СШ, пасля школы паспеў трохі папрацаваць на “Гатча-Осаўскім”, пакуль не быў прызваны ў кастрычніку 1981 года Жабінкаўскім раённым ваенным камісарыятам у Савецкую Армію і неўзабаве трапіў на тую неабвешчаную вайну. У час сваёй ахвярнай гібелі Валерыю Уладзіміравічу не споўнілася і 19-ці. Ён — самы малады з жабінкаўскіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, што склалі галовы на афганскай зямлі. Валерыя Мігеля пахавалі на вясковых могілках у Рагозне. Пасмяротна за мужнасць і адданасць воінскаму доўгу ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Анатоль РОСТАЎ
