Ключы ад дома,
дзе паселіцца радасць

Кіраўнікі Жабінкаўскага райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ уручылі ключы ад дома маладой сям’і ГЕРАСЕВІЧАЎ з ААТ “Ракітніца”. Падарункі ды віншаванні маладая сям’я прымала і ад першага намесніка кіраўніка раёна Андрэя КУЗЬМІЧА і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Любові КАБЕРНА.
Галава маладой сям’і Аляксандр працуе ў “Ракітніцы” аграномам, разам з жонкай Кацярынай гадуе сыночка Міхаіла. У новым прасторным доме, як лічаць Герасевічы, паселіцца радасць. Яна, на думку таты Аляксандра, — у маленькім сынку.

Суботнік у “Драмлёве”

Набліжаецца памятная дата — 80-годдзе з дня трагедыі вёскі Драмлёва. 11 верасня 1942 года фашысцкія каты спалілі яе разам з жыхарамі. У полымі чатырох свіранаў загінулі амаль дзве сотні драмлёўцаў. 40 гадоў таму на месцы трагедыі паўстаў мемарыяльны комплекс у памяць аб нявінна загінулых.
У сераду ў “Драмлёве” адбыўся суботнік, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Сумеснымі намаганнямі прыведзены ў парадак дарожкі, што сімвалізуюць крывавы след загінулых драмлёўцаў.
Работы па добраўпарадкаванні комплексу будуць працягнуты.

Колькі плаціць за падручнікі?

Плата за школьныя падручнікі ў новым навучальным годзе складзе 16 рублёў. Памер кошту за карыстанне вучэбнымі дапаможнікамі ў 1-11 класах сярэдніх школ рэгламентаваны пастановай Саўміна № 839 ад 24 чэрвеня 2011 года і раўняецца палове базавай велічыні.
Летась падручнікі абыходзіліся на 1,5 рубля танней, паколькі базавая велічыня была 29 рублёў (зараз 32 рублі). Заплаціць за дапаможнікі і прынесці ў школу квітанцыю неабходна да 1 кастрычніка.
Шматдзетным сем’ям прадастаўляецца 50-пра-цэнтная сніжка, а дзеці-інваліды атрымаюць пад-ручнікі бясплатна.

Запрашаем на байк-фестываль
у Жабінку!

Па інфармацыі Тэлеграм-канала “Жабінка актуальна”, 19-21 жніўня адбудзецца першы “BIKE FEST ZHABINKA”. Ініцыятыва яго правядзення была агучана падчас асабістага прыёму грамадзян старшынёй райвыканкама Вадзімам КРАЎЧУКОМ. Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на тым, што фэст атрымае неабходную падтрымку з боку раённых улад пры захаванні ўсіх неабходных нормаў.
У рамках фестывалю запланавана тэматычная праграма, выступленне музычных груп розных жанраў. Жадаючыя могуць далучыцца са сваімі творчымі нумарамі.