РАСІЙСКІ ДЫПЛАМАТ НАВЕДАЎ ЖАБІНКУ

Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Алег МУРАШАЎ 21 ліпеня пабываў у нашым горадзе. Алег Юр’евіч сустрэўся з дабрачынным цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэем Сергіем ПЕТРУСЕВІЧАМ. Расійскі дыпламат наведаў Свята-Пакроўскую царкву і пазнаёміўся з будаўніцтвам храма свяціцеля Кірылы Тураўскага ў Жабінцы.

СЛУЖБА Ў ПАМЯЦЬ ВЫЗВАЛЕННЯ

У той самы дзень айцец Сергій здзейсніў літургію ў памяць 78-годдзя вызвалення нашага райцэнтра ад гітлераўцаў. Богаслужэнне наведалі старшыня раёнага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК, старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК і яго намеснікі Аляксандр КУЗЬМІЧ і Іна ТАРАСЕВІЧ. Напрыканцы службы настаяцель храма прамовіў вернікам словы павучання. Ад імя выканаўчай улады да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама.

НЯМЕЦКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ Ў ДРАМЛЁВЕ

У панядзелак, 25 ліпеня, на Жабінкаўшчыне пабывала дэлегацыя з ФРГ, якую ўзначальваў Олівер ШНЕЕМАН. Прадстаўнікоў нямецкай грамадскасці афіцыйна запрасіла кіраўніцтва Брэсцкага гарвыканкама. Асобна гасцей з Германіі зацікавіў лёс нашай “вогненнай вёскі” Драмлёва, спаленай карнікамі 11 верасня 1942 года. Тут, на святым для кожнага жабінкаўца месцы, адбыўся ўрачысты мітынг з удзелам старшыні райвыканкама Вадзіма КРАЎЧУКА. Олівер Шнееман падзяліўся сваімі планамі. У блізкай перспектыве — зрабіць нямецкамоўныя відэарэпартажы пра ўсе “вогненныя вёскі” Беларусі, а пачнецца гэта маштабная справа менавіта з драмлёўскай трагедыі. Падрабязней аб прыбыванні нямецкай дэлегацыі чытайце ў наступным нумары “СП”.

КОБРЫНСКАЯ “ВІКТОРЫЯ” І НАША ЗЯМЛЯ

Сёння спаўняецца 210 гадоў важнай гістарычнай падзеі, якая адбылася на нашай зямлі 27 ліпеня 1812 года. Бітва пад Кобрынам па праве лічыцца першай буйной перамогай расійцаў у вайне супраць імператара Францыі Напалеона І. У баі ўдзельнічалі саксонцы, якімі кіраваў французскі брыгадны генерал Жан-Луі РЭНЬЕ, і 3-я расійская армія генерала-ад-кавалерыі Аляксандра ТАРМАСАВА. Амаль суткі да бітвы яго падначалены генерал-маёр Карл ЛАМБЕРТ са сваімі аддзеламі знаходзіўся ў нашым Булькове, а затым выступіў пад Кобрын. Бой аказаўся разгромным для хаўруснікаў Банапарта. У гонар Кобрынскай, як тады казалі, “вікторыі” ўпершыню салютаваў Санкт-Пецярбург.

ЦУКРАВАРЫ НА ТУРЫСТЫЧНЫХ СЦЕЖКАХ

Паблізу Аўгустоўскага канала каля вёскі Нямнова ладзіўся традыцыйны турыстычны злёт прадпрыемстваў цукровай галіны Беларусі. У ім актыўна паўдзельнічалі 15 завадчан з Жабінкі, якія прадстаўлялі каманду “Перцы ў цукры”. Яны паспаборнічалі ў конкурсе візітак, асабліва ўдала жабінкаўцы паказалі сваё майстэрства ў стральбе з лука, дзе Юрый СУШЫНСКІ і Яўген ВАРАБЕЙ, Аксана АДЗІНЕЦ і Наталля САБАЛЕЎСКАЯ занялі
I месца. Надзвычай захапляльна прайшлі няпростая турыстычная эстафета і спаборніцтвы велааматараў (у валоданні роварам не было роўных Уладзіміру ЛУК’ЯНЧЫКУ). Трэцімі жабінкаўцы былі ў гульні з мячом “Куб”. Акрамя таго, усе жадаючыя змаглі праплыць па рэках і канале на байдарках. Дарэчы, лепшым на вадзе аказаўся экіпаж жабінкаўскага цукровага завода. У выніку агульнакаманднае месца, якое занялі нашы землякі, — трэцяе. У гонар удзельнікаў турзлёту ладзілася ўрачыстая вечарына з турыстычнымі падарункамі. Наступнае агульнае мерапрыемства для цукравараў адбудзецца ў Гарадзеі.
Анатоль БЕНЗЯРУК