ЖАБІНКАЎСКІ. Пры сельвыканкаме працягвае дзейнічаць назіральная камісія. Найперш яе члены праводзяць абследаванне ўмоў, у якіх знаходзяцца адзінокія людзі і асобы, што засталіся без нагляду родзічаў. Зараз да гэтых катэгорый у Жабінкаўскім сельсавеце адносяцца 77 адзінокапражываючых і 10 адзінокіх асоб пажылога ўзросту. Перш-наперш звяртаецца ўвага на тое, наколькі абаронены гэтыя грамадзяне ад пагрозы ўзнікнення пажараў у іх хатах. У сельвыканкаме лічаць, што такія меры вельмі патрэбна здзейсніць да пачатку ацяпляльнага перыяду.
КРЫЎЛЯНСКІ. У брэсцкім музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” дэманструецца выстава жывапісу і скульптуры XVIII – XIX стагоддзяў са збораў Музея старажытнабеларускай культуры. Непаўторныя сакральныя творы сталічныя музейшчыкі сабралі ў 70-я гады мінулага стагоддзя ў храмах Брэстчыны, многія з якіх зачыняліся або знаходзіліся ў паўразбураным стане. Тады многія шэдэўры самабытнага палескага мастацтва былі фактычна выратаваны ад знішчэння, а затым вярнуліся да жыцця дзякуючы карпатлівай працы рэстаўратараў. Сярод экспанатаў бясспрэчна вылучаецца вялікі абраз “Раство Іаана Хрысціцеля”, напісаны больш за дзвесце гадоў назад. Раней гэтая ікона ўпрыгожвала царкву ў імя Міколы Цудатворца ў вёсцы Вялікія Сяхновічы. Пабачыць яе і іншыя ўнікальныя помнікі нашага старадаўняга мастацтва можна да канца жніўня ў музеі, размешчаным у Брэсце на вуліцы Леніна, 39.
ЛЕНІНСКІ. З карысцю праводзяць лета вучні Ленінскай СШ. Зусім нядаўна скончылі працаваць у школе летнікі з дзённым і кругласутачным знаходжаннем (у першым аздаравіліся 52 юныя ленінцы, у другім зарад бадзёрасці і добрага настрою атрымалі яшчэ 39 дзяцей). Акрамя таго, у апошні чэрвеньскі дзень урачыста закрылася змена ў лагеры працы і адпачынку “Вясёлка”. І ўжо арганізаваны вытворчая практыка на прысядзібным участку для вучняў 5-9 класаў і дзейнасць школьнай спартыўнай пляцоўкі. У бліжэйшых планах, як паведаміла дырэктар установы Ірына ГУРСКАЯ, пачатак працы студэнцкага атрада, у якім з 18 ліпеня пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Надзеі МОТЫЛЬ на торфабрыкетным заводзе “Гатча-Осаўскі” будуць шчыраваць васьмёра навучэнцаў Ленінскай адзінаццацігодкі.
СЦЯПАНКАЎСКІ. Гэты год юбілейны для жыхароў Вярхоў – аднаго з самых старажытных населеных пунктаў сельсавета. Першая згадка пра Вярхі і вярхоўцаў датуецца 10 ліпеня 1577 года. Як сведчаць старадаўнія дакументы, у той дзень камянецкі староста Гаўрыла ГАРНАСТАЙ праз сваіх служэбнікаў апытаў тутэйшых наконт таго, якія зямельныя надзелы яны трымаюць у карыстанні. Найбольш людна было ў Вярхах у 1925 годзе, калі ў іх жылі 354 чалавек (зараз жыхароў на тры сотні менш). За сваю доўгую 445-гадовую гісторыю Вярхі і вярхоўцы перажылі надзвычай трывожны эпізод у часы Вялікай Айчыннай вайны, калі вёска ледзь не падзяліла лёс Драмлёва. Гэта адбылося 12 верасня 1942 года, на наступны дзень пасля драмлёўскай трагедыі. Аднак вярхоўскі стараста фактычна выратаваў аднавяскоўцаў, упрасіўшы карнікаў не чапаць паселішча, не забіваць яго жыхароў, якіх гітлераўцы абвінавачвалі ў сувязі з партызанамі. У памяць пра гэту падзею і тых аднавяскоўцаў, якія ўсё ж не перажылі акупацыю, у цэнтры вёскі стаіць абеліск.
ХМЕЛЕЎСКІ. Чэрвень прынёс своеасаблівы рэкорд у Хмелеўскім сельсавеце. Як паведаміла кіраўнік спраў Іна ШАЛТАНЮК, за першы месяц на Хмелеўшчыне былі зарэгістраваны адразу тры немаўляці. Першаю стала малышка з гаворачым прозвішчам Вікторыя МАЛЫШЭЦ – першаніца ў сям’і Аляксандра Вячаслававіча і Лізаветы Васільеўны. А Крысціна ВАШЧУК у чэрвені зарэгістравала сваё трэцяе дзіця – дачку Вераніку. Шчасце ад нараджэння дзяўчынкі падзяляе, безумоўна, і бацька Вадзім Пятровіч. Нарэшце, 28 чэрвеня дакумент аб рэгістрацыі сына Арцёма атрымала ў сельвыканкаме Марына НІКАЛАЙЧУК. Жадаем усім немаўляткам і іх бацькам моцнага здароўя, добрага настрою і доўгіх гадоў шчаслівага жыцця!
Анатоль БЕНЗЯРУК
