Заложнік жыццёвых абставін

Розныя бываюць даўжнікі. Адны возьмуць пазыку і вяртаць яе не спяшаюцца, а вось іншыя праяўляюць сумленнасць і спрабуюць выйсці з няпростых жыццёвых абставін, у якія патрапілі. Пра адзін такі выпадак хочацца расказаць. Жыве звычайная сям’я, у нечым непрыкметная, можна сказаць, законапаслухмяная. Аднак цяжарам на іх ляжыць доўг, якому ўжо шмат гадоў. Справа ў тым, што галава сям’і з-за няшчаснага выпадку завінаваціўся арганізацыі, атрымаўся доўг разам з пеняй надзвычай вялікі. Вось і даводзіцца практычна ўсю зарплату штомесяц аддаваць на яго пагашэнне, а жыць на невысокі заробак жонкі. Гэта цягнецца ўжо дзесяцігоддзямі. Мужчына сам прыйшоў у аддзел прымусовага выканання, папрасіў наведацца да яго дамоў, каб паглядзець, ці ёсць сярод яго маёмасці хоць нейкія рэчы, што падлягаюць арышту. Судовы выканаўца завітала да даўжніка і ўпэўнілася: у сям’і насамрэч адсутнічае каштоўная маёмасць, якую можна было б рэалізаваць у рахунак доўгу.

Былі кліентамі — сталі спагнальнікамі

А вось, на жаль, адмоўны прыклад. Грамадзянін І. здаўна ў даўгах, як у шаўках. Займаецца ён, здаецца, вельмі карыснай справай — перацягвае мэблю. У такога майстра павінна і кліентаў быць шмат. Аднак гэтыя кліенты нярэдка ператвараюцца ў спагнальнікаў, якія спрабуюць з дапамогай суда вярнуць свае кроўна нажытыя грошы назад. Бо гора-майстар спраўна бярэ перадаплату, а вось выконваць работу нават не збіраецца, карыстаючыся даверлівасцю людзей. На сённяшні дзень мужчына завінаваціўся кліентам больш за тры тысячы рублёў. Аднак і гэтая сума неканчатковая, бо ён узяў прылады працы ў арэнду, але ж вяртаць маёмасць уласнікам і не збіраецца. Прычым чужыя грошы за І. патроху вяртае маці-пенсіянерка. А вось знайсці мужчыну, каб вярнуць інструменты, спецыялістам АПВ не ўдаецца, бо нядобрасумленнага грамадзяніна ніяк нельга адшукаць.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік АПВ Жабінкаўскага раёна