СТАГОДДЗЮ ПРАКУРАТУРЫ ПРЫСВЯЧАЛАСЯ

Як вядома, свой векавы юбілей работнікі пракуратуры адзначалі 26 чэрвеня, а напярэдадні, у пятніцу, у беларускай сталіцы ладзілася ўрачыстасць з гэтай нагоды. На святочным сходзе ў Палацы Рэспублікі прысутнічалі, між іншымі, і прадстаўнікі нашага нагляднага ведамства на чале з пракурорам раёна Алегам ЦЫГАНОВЫМ. Мерапрыемства завяршылася вялікім канцэртам, на якім свае разнастайныя таленты пракурорскім работнікам падаравалі айчынныя артысты.

ДАРОГА ПРЫМЯРАЕ “АБНОЎКУ”

Апошнім часам не толькі жыхары горада, але і ўсе, хто праязджае праз Жабінку, могуць карыстацца працай рук нашых дарожнікаў з ДРБУ-103, якія праводзяць маштабны рамонт у раёне вуліц Кобрынскай і Міру. Рабочыя пакрокава мяняюць зношанае дарожнае палатно на новае. Гэта патрэбна не толькі зараз, але і на перспектыву, бо рух будзе толькі ўзрастаць, калі на згаданых вуліцах паўстануць новыя шматпавярховікі, запрацуе дзіцячы сад, узнікне вялікі гандлёвы цэнтр. Як сказаў старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК: “Мы вызначаем Жабінку як горад, што адпавядае ўсім урбаністычным тэндэнцыям. Важна развіваць транспартна-лагістычную сістэму так, каб яна адпавядала неабходным стандартам”.

ДАКРАНУЛІСЯ ДА ЖАБІНКАЎСКІХ СВЯТЫНЯЎ

Як ужо пісала “СП”, 21-24 чэрвеня ў нас гасцявала дэлегацыя Задонскага раёна Ліпецкай вобласці на чале з главой адміністрацыі Аляксеем ШЧАДРОВЫМ. Сярод афіцыйных мерапрыемстваў у задонцаў знайшоўся час, каб далучыцца да святыняў Жабінкаўшчыны. Так, яны наведалі Хмелеўскі Спаса-Праабражэнскі і Здзітаўскі Свята-Мікіцкі храмы, атрымалі блаславенне ад айца СЕРАФІМА, пачулі пра гісторыю старадаўніх цэркваў і іх святыняў — абразоў Маці Божай Чанстахоўскай і Багародзіцы Адзігітрыі Іерусалімскай. Да слова, Задоншчына — адзін з вядомых цэнтраў праваслаўя, сярод шматлікіх яе святыняў асабліва вылучаецца Задонскі мужчынскі манастыр, асвечаны ў гонар Раства Багародзіцы.

ФЕДЗЬКАВІЧАМ — 445!

Звычайна святы вёсак у нашым раёне ладзяцца ў летнюю пару, нават калі населеныя пункты ўзніклі вясной, зімой ці восенню. А вось у жыхароў Федзькавічаў ёсць поўнае права адзначыць 445-гадовы юбілей сваёй вёскі ў пачатку наступнага месяца, а калі дакладна — 3 ліпеня. Бо менавіта ў гэты дзень у 1557 годзе назва Федзькавічы (Хведкавічы) упершыню задакументавана ў старадаўніх паперах. Першымі ўласнікамі тагачаснага маёнтка былі Багушэвічы. Найбольшая колькасць федзькаўцаў налічвалася ў 1935 годзе, калі іх было 435, зараз у вёсцы пражывае 187 чалавек.

ТРАФІМУКА ЗГАДАЛІ Ў БРЭСЦЕ

Самым вядомым нараджэнцам не толькі Федзькавічаў, але і ўсёй жабінкаўскай зямлі бясспрэчна з’яўляецца Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер шасці ордэнаў Леніна, вядомы ва ўсім свеце адкрывальнік радовішчаў нафты і газу Андрэй ТРАФІМУК (1911-1999). Днямі ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, дзе ладзіцца праект “Героі былых часоў”, запрацавала выстава, прысвечаная акадэміку з Федзькавічаў, якога часам называлі “галоўным геолагам Савецкага Саюза”. Яшчэ 9 ліпеня 1979 года Андрэй Аляксеевіч перадаў у дар брэсцкаму музею 63 асабістыя рэчы. Некаторыя з іх прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі, большасць — захоўваюцца ў запасніках, і цяпер з імі можна пазнаёміцца ў часовай выставе, падрыхтаванай з нагоды Года гістарычнай памяці. Раім жабінкаўцам пабываць у музеі, каб на ўласныя вочы пабачыць рэчы і дакументы, звязаныя з імем славутага земляка.
Анатоль БЕНЗЯРУК