Калі ў сям’і паселіцца разлад
Па-рознаму складваюцца адносіны ў сем’ях. Калі ён ды яна стаяць перад алтаром і ў загсе, дык клянуцца ў каханні, вернасці, павазе адзін да аднаго. Але ж (і такое бывае) мінае час, і сямейная лодка раптам пачынае ісці на дно. Гэтак, на жаль, адбылося і ў сям’і ракітчукоў. Жылі спачатку дружна, а потым усё пайшло неяк не так. Дзяцей пара не завяла, а вось праблемы паміж мужам і жонкай сталі з часам нарастаць. Тым больш, што мужчына нават не быў грамадзянінам нашай краіны. Адбыўся разлад, а за ім і развод. Пачалі дзяліць маёмасць. Былая жонка атрымала большую долю. Хоць мужчына ўклаў у будаўніцтва агульнага дома шмат сіл і грошай. Мірна ўрэгуляваць праблему не атрымалася, таму абое звярнуліся ў суд, а затым і ў аддзел прымусовага выканання. Аднак і зараз канфлікты паміж былымі мужам і жонкай не спыняюцца. Дайшло да таго, што нават размаўляць адзін з адным яны могуць толькі праз судовага выканаўцу. Чым гэтая справа скончыцца, пакажа час.
Паміж імі разборкі — заўсёдныя госці
У мінулай нататцы былыя муж і жонка дзеляць маёмасць, а ў гэтай абставіны склаліся яшчэ горш — іншая пара дзеліць дзіцё. Так, ёсць у раёне яшчэ адна не надта добрая колішняя сям’я, дзе сваркі і разборкі — заўсёдныя госці. У мужчыны і жанчыны ёсць агульная маленькая дачка. Каб бачыцца са сваёй крывіначкай, былому мужу давялося паскардзіцца на колішнюю другую палавінку ў суд. Той вызначыў паводле закону парадак сустрэч з дзіцём. Аднак маці катэгарычна працягвала адмаўляць бацьку ў яго праве бачыцца з дачкой, займацца яе выхаваннем. Тады мужчына звярнуўся па дапамогу да судовых выканаўцаў. Але ж і ўмяшальніцтва супрацоўніка АПВ не змяніла сітуацыю да лепшага. Цяпер праваахоўнік бу-дзе вымушаны прыцягнуць жанчыну да адміністрацыйнай адказнасці. Заўсёды з болем гаворым, што ад канфліктаў, якія распальваюцца паміж бацькамі, найчасцей моцна пакутуюць іх дзеці.
Пайшла пісаць губерня…
Ёсць такі крылаты выраз. Яго ўжываюць, каб апісаць сітуацыі, падобныя на тую, пра якую раскажам ніжэй.
Бывае, што працы супрацоўнікаў аддзела прымусовага выканання замінаюць і перашкаджаюць асобы, якія звяртаюцца са сваімі неабгрунтаванымі скаргамі па інстанцыях. Напрыклад, склалася сітуацыя, калі мужчына неаднойчы пісаў лісты ў розныя ведамствы. Пры гэтым колькасць яго скаргаў ужо перасягнула ўсе разумныя межы. Робіць ён гэта найчасцей, не ведаючы нават азоў айчыннага заканадаўства. Кожны адказ на свае пытанні ды прапановы скаржнік лічыць незадавальняльным і зноў бярэцца за пяро. Пры гэтым, мабыць, не разумее або разумець не хоча, што адрывае ад важных спраў людзей, якія стаяць на варце закону, права і парадку.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна
