Як Жабінка мяняла статус

Сёння адметны дзень: роўна 70 год таму (16 красавіка 1952-га) вёска Жабінка набыла афіцыйны статус гарадскога пасёлка. За час свайго існавання наш райцэнтр спачатку быў невялічкім маёнткам, затым мызай (хутарам). Пасля пачатку чыгуначнага будаўніцтва побач узніклі таксама станцыя і пасёлак (мястэчка) Жабінка. Пасля вайны з-за моцных разбурэнняў населены пункт зноў стаў вёскай, дарос да гарадскога пасёлка і з канца 1970 года ператварыўся ў горад раённага падпарадкавання. Нарэшце, з мая 2014 года Жабінка паводле указа кіраўніка дзяржавы Аляксандра ЛУКАШЭНКІ набыла статус горада-спадарожніка і зараз развіваецца ў непасрэднай сувязі з Брэстам.

“Вандроўкі па «Наваколлі»”

Сёння брэнд “Наваколле” знаёмы беларусам, а прадукцыя яго ўдзельнікаў заняла годнае месца на кірмашах і выставах. Днямі запрацаваў турмаршрут “Вандроўкі па «Наваколлі»”, арганізаваны таварыствам “Адпачынак ў вёсцы”. Нагадаем: ініцыятыва “Кластарная мадэль «Наваколле»: ствараем і прасоўваем мясцовую, натуральную і крафтавую прадукцыю” стартаваў у пачатку 2020 года. Праект аб’ядноўвае гаспадароў аграсядзіб сямі раёнаў заходняй Брэстчыны: Кобрынскага, Жабінкаўскага, Маларыцкага, Пружанскага, Бярозаўскага, Драгічынскага і Камянецкага. Таму і прыдумана такая назва — “Наваколле”. У тым, што падобныя туры (іх можна называць гастранамічнымі, пазнавальнымі або краязнаўчымі) будуць цікавыя турыстам, сумнення няма, асабліва падчас адпачынку выхаднога дня.

У тройцы лідараў

На базе вытворчага ўпраўлення “Брэстгаз” адбыўся першы этап конкурсу на званне “Лепшая брыгада па тэхнічным абслугоўванні газаразмеркавальных пунктаў”. Каманда Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння заняла ганаровае трэцяе месца.

“Шлях да душэўнай раўнавагі”

Пад такой назвай у Цукразаводскай бібліятэцы адбыўся трэнінг-практыкум з удзелам клуба праваслаўных зносін “Вера і жыццё” і клірыка храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы Максіма ВОЛКА. На мерапрыемстве прысутнічала праваслаўны псіхолаг Маргарыта ВОЛК. Слухачы клуба разам з госцяй абмеркавалі прычыны страты душэўнай раўнавагі на прыкла-
дзе трохкутніка Карпмана — самай распаўсюджанай мадэлі ўзаемаадносін паміж людзьмі. У канфліктнай сітуацыі чалавек можа выконваць адну з трох роляў: выратавальніка, праследвацеля ці ахвяры. На прыкладах слухачы даведаліся, як выйсці з такой сітуацыі, каб спыніць таксічныя адносіны. У сваю чаргу, айцец Максім пракаменціраваў гэтую тэорыю з пункту гледжання праваслаўнага багаслоўя.

“Арнамент як казка твая, Беларусь!”

Штогод у Брэсцкім цэнтры маладзёжнай творчасці ладзіцца адкрыты фестываль-конкурс юных мадэльераў “Brest junior fashion”. У намінацыі “Стыльнае дапаўненне” пераможцамі сталі навучэнцы аб’яднання “Чараўніца”. Педагог Таісія ЖУРОМСКАЯ разам з выхаванкамі Палінай АНДРАСЮК, Алінай МІХАЙЛЮК і Аляксандрай МАРОЗ падрыхтавалі калекцыю ўпрыгожанняў з пацерак “Арнамент як казка твая, Беларусь!”. Журы пакарылі работы юных жабінкаўцаў, у выніку яны атрымалі дыплом фіналіста, медаль і дыплом І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі.

Эвалюцыя посуду

У гэтыя выхадныя дні не забудзьцеся наведацца ў наш раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Там якраз дзейнічае выстава, якая адлюстроўвае эвалюцыю посуду. Вы зможаце ўбачыць талеркі і кубачкі, збаны і чаркі ды многае іншае. У экспазіцыі прадстаўлены посуд ад імперскага да савецкага перыяду, а таксама той, якім мы карыстаемся зараз. Цікава ж адкрыць таямніцы посуду: хто і што еў ці піў з яго, у якім настроі і з якімі думкамі… Гэта ўжо гісторыя, да якой ёсць магчымасць дакрануцца.