Каб лясоў стала больш
З 9 па 16 красавіка ў Кобрынскім доследным лясгасе пройдзе добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу — 2022”, прысвечаная Году гістарычнай памяці. Ініцыятыва дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з лясной гаспадаркай, даведацца, як ствараюцца і захоўваюцца нашы лясы, унесці непасрэдны асабісты ўклад у прымнажэнне лясных багаццяў рэспублікі.
Як адзначыў галоўны ляснічы Кобрынскага лясгаса Барыс Рабаконь, сёлета за тыдзень плануецца пасадзіць больш за 60 гектараў лесу, на якія спатрэбіцца каля 400 тысяч саджанцаў. У асноўным гэта сасна і бяроза. У мінулым годзе падчас акцыі было высаджана звыш 451 тысячы саджанцаў на плошчы больш як 65 гектараў. Актыўны ўдзел у ёй прынялі звыш 500 добраахвотнікаў з розных арганізацый горада і раёна.
Паўдзельнічаць у акцыі запрашаюцца ўсе жадаючыя. Добраахвотнікам дадуць магчымасць пасадзіць дрэвы або ўпарадкаваць тэрыторыю дзяржаўнага ляснога фонду. Лясгас забяспечыць усіх пасадачным матэрыялам і прыладамі працы.
“Дом без насілля”
Пад такой назвай паміж 4 і 8 красавіка на Жабінкаўшчыне праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя. Як паведаміў намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС Яўген Самускевіч, праблема дамашняга насілля, на жаль, дасюль застаецца актуальнай. Асноўныя ўмовы, якія садзейнічаюць такім злачынствам, — гэта знахо-джанне асобы ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама адсутнасць у вінаватага пастаяннага месца працы. Праваахоўнікі праводзяць прафілактычныя дзеянні, але і кожнаму з нас нельга заставацца ўбаку. Таму супрацоўнікі РАУС звяртаюцца да грамадзян: “Калі вы сталі ахвярай або сведкай гвалту ў сям’і, не чакайце трагедыі, дзейнічайце без прамаруджвання — звяртайцеся па дапамогу. Тэлефон экстранага выкліку міліцыі — 102”.
Прафсаюзы абвясцілі конкурс
У прафсаюзах цудоўна разумеюць: усялякая праца прыносіць добры вынік, калі ёю займаецца неабыякавы да сваёй справы чалавек. Напярэдадні Свята працы — 1 Мая Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў ладзіць фотаконкурс, які названы адмыслова #этомояработа. Падрабязней пра ўдзел у спаборніцтве аматары фотамастацтва могуць даведацца на сайце нашай і вашай любімай газеты. Лепшыя фота і відэа будуць размешчаны на сайце і ў Тэлеграм-канале абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Пераможцу чакае прыз.
“Вясновы світанак над маім горадам”
Менавіта так называўся здымак жыхаркі Жабінкі Вольгі Лішчанка, які прынёс жанчыне перамогу ў “Стоп-кадры” ад тэлеканала АНТ. Маці трох хлапчукоў любіць радаваць сям’ю смачнай выпечкай, а сябе — фатаграфаваннем прыроды. Прыемна адзначыць: у Вольгі выдатна атрымліваецца занатаваць прыгажосць навакольнага свету!
Як дзеці казку адшукалі
У цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ўжо стала традыцыяй з 2016 года напярэдадні Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб аўтызме праводзіць інклюзіўную тэатральна-гульнявую пастаноўку “Як мы казку знайшлі”.
Сёлета для інсцэніроўкі была абрана добра знаёмая дзецям “Рэпка”. На мерапрыемстве прысутнічалі выхаванцы цэнтра, а таксама навучэнцы інтэграваных класаў першай і трэцяй гарадскіх школ, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната.
Дзеці з цікавасцю паўдзельнічалі ў пастаноўцы казкі, парадавалі педагогаў і гледачоў сваімі творчымі здольнасцямі. Усе атрымалі станоўчыя эмоцыі.
