Падтрымка ўрада — цукровай галіне
Урад Беларусі мае намер падтрымаць тры цукровыя заводы: Жабінкаўскі, Гарадзейскі і Скідзельскі. Адпаведная пастанова № 164 размешчана на Нацыянальным прававым партале. У ёй гаворыцца, што цукровыя заводы будуць атрымліваць крэдыты Беларусбанка пад гарантыі ўрада. У дакуменце таксама ўказана, што гарантыі па крэдытах на 50 млн рублёў будуць прадастаўлены да 31 сакавіка і на суму 94 млн рублёў — пасля 1 красавіка. Сцвярджаецца, што за гэтыя гарантыі прыйдзецца заплаціць 0,01 працэнта ад сумы крэдыту. Акрамя таго, аб’ём накіраваных крэдытаў ад Банка развіцця павялічыўся на 144 млн рублёў. Такім чынам, Жабінкаўскі цукровы завод атрымае ў крэдыт 49,5 млн рублёў, Гарадзейскі — 40 млн рублёў, Скідзельскі — 54,5 млн.
Раней паведамлялася, што Банк развіцця павялічыць фінансаванне малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. А Міністэрства антыманапольнага заканадаўства і гандлю ўзмацняе кантроль за цэнаўтварэннем на ўнутраным рынку нашай краіны.
Захаваць памяць пра кожнага салдата
Жабінкаўцы і госці горада заўважылі, як змяніў воблік пасля рамонту пастамент і помнік загінулым воінам і партызанам. Цяпер вядуцца работы па рэканструкцыі памятных пліт, на якія нанесены прозвішчы і імёны герояў, што да апошняй кроплі крыві вызвалялі наш горад ад фашысцкай навалы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З цягам часу высветлілася, што некаторыя дадзеныя на плітах — памылковыя. У Год гістарычнай памяці кіраўніцтва раёна паставіла задачу абнавіць вонкавае аблічча мемарыяла і выправіць факталагічныя недарэчнасці. Асноўная мэта — захаваць аб’ектыўную памяць пра людзей, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе з фашызмам.
Народны і ўзорны
Жабінкаўскія калектывы пацвердзілі свае званні ў галіне музычнага мастацтва! Так, аркестр народных інструментаў настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў пацвердзіў ганаровае званне “народны”. Дзіцячы аркестр народных інструментаў установы зноў даказаў, што нездарма завецца “ўзорным”.
