АЗЯЦКІ. Дырэктар Старасельскай СШ Алена Зінкевіч паведаміла: сакавік у яе ўстанове выдаўся багатым на розныя мерапрыемствы. Прыемна зазначыць, што старшакласнікі Данііл Тарасевіч, Андрэй Гамола і Яўген Ігнацюк занялі другое месца ў раённай алімпіядзе па інфармацыйнай бяспецы. Акрамя таго ў гасцях у школьнікаў пабывалі спецыялісты аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія расказалі аб правілах пажарнай бяспекі. На мінулым тыдні ва ўсіх класах ладзіліся тэматычныя ўрокі, прысвечаныя памяці Хатыні, адбыліся заняткі “Кожны з нас у адказе за мір на вялікай планеце” і “Беларусь — краіна міру”. Апошнім па часе 25 сакавіка стаў захапляльны квэст-гульня “Мы — патрыёты Радзімы сваёй”.
ЖАБІНКАЎСКІ. Веснавая пара — час вялікай прыборкі і добраўпарадкавання на зямлі. Дзеля гэтага 24 сакавіка на возеры Візжар адбылася акцыя “Чысты берег”, арганізаваная Жабінкаўскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў. Як паведаміла яго кіраўнік Ніна Калыбская, супрацоўнікі ўстаноў культуры, адукацыі, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву напярэдадні купальнага сезона прыбралі смецце паблізу вадаёма. Бераг Візжара намаганнямі прафсаюзных актывістаў стаў сапраўды чыстым.
КРЫЎЛЯНСКІ. Штомесяц у Крыўлянскай бібліятэцы ладзяцца сустрэчы, што цалкам адпавядаюць тэме духоўнасці і веры, якую перыядычна ўзнімаюць і журналісты “Сельскай праўды” на старонках свайго выдання. На чарговую сустрэчу гаспадыня вясковай чытальні Алена Балюк запрасіла Уладзіміра Кандрашчука — настаяцеля Свята-Узнясенскай царквы, размешчанай у вёсцы Агароднікі. У выніку адбыўся сапраўдны ўрок праваслаўя “Жывое слова мудрасці духоўнай”. Святар змястоўна расказаў пра сутнасць біблейскіх ісцін, якімі павінен карыстацца кожны вернік. Крыўлянцы розных узростаў пачулі з вуснаў айца Уладзіміра адказы на пытанні, звязаныя з сутнасцю Святога Пісання.
ЛЕНІНСКІ. Сёлета юбілей сваіх населеных пунктаў могуць святкаваць жыхары Рагозна і Філіпавічаў. Днямі споўнілася 440 гадоў з часу ўзнікнення гэтых вёсак. Першыя пісьмовыя згадкі пра іх сустракаюцца ў судовым дакуменце, складзеным 11(21) сакавіка 1582 года. На той час абодва паселішчы належалі да вялікага Здзітавецкага маёнтка, былі ўласнасцю шляхціцаў Васіля Сасін-Калечыцкага і Льва Пацея. У перыяд вясенняга добраўпарадкавання, якое праводзіцца зараз у раёне, названая круглая дата — выдатная нагода для жыхароў Рагозна і Філіпавічаў зрабіць свае вёскі яшчэ больш чыстымі і ўтульнымі, каб годна справамі, а затым і песнямі адзначыць агульны юбілей.
РАКІТНІЦКІ. Сорак гадоў таму ў Ракітніцы распачалося доўгачаканае будаўніцтва ўстановы, якую цяпер узначальвае Вольга Гацкевіч. Загадчык ясляў-сада паведаміла, што ўжо праз лічаныя месяцы пасля пачатку будоўлі Ракітніцкі дзіцячы сад прыняў першых сваіх маленькіх выхаванцаў. На сённяшні дзень установу наведваюць 98 хлопчыкаў і дзяўчынак з дзевяці навакольных вёсак. Вольга Мікалаеўна асабліва ўдзячная арганізацыям, якія падтрымліваюць яслі-сад, дапамагаюць установе добрымі справамі. Прынамсі, летась клопатам працаўнікоў сельгаставарыства “Ракітніца” і фермерскай гаспадаркі “ЯКВІЛ” для дзіцячых гульняў было набыта надворнае абсталяванне. Дапамога ад шэфаў ладзіцца ўжо даўно і не спыніцца надалей.
СЦЯПАНКАЎСКІ. Літаральна на днях працаўнікі Жабінкаўскай ЖКГ прыступілі да будаўніцтва ў раёне чарговай станцыі абезжалезвання. Пра важную справу, якой цяпер занятыя камунальнікі, згадала кіраўнік вытворча-тэхнічнага аддзела Алена Ульчык. Гэта будзе ўжо дзясяты падобны аб’ект на Жабінкаўшчыне. Ён размесціцца ў аграгарадку Сцяпанкі. Як падкрэсліла Алена Раманаўна, станцыя ўладкоўваецца ўласнымі сіламі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Для ўзвядзення аб’екта задзейнічаюць усе без выключэння службы ЖКГ. Плануецца, што ўжо ў чэрвені сцяпанкаўцы будуць забяспечаны вадой пітной якасці. Гэткім чынам вяскоўцы дзякуючы нашым працавітым камунальнікам хутка далучацца да выгод, якімі ўжо не адзін год карыстаюцца гараджане.
Анатоль БЕНЗЯРУК
