“Разам за здаровую будучыню”
Прафілактычная акцыя пад такой назвай праходзіць з 14 па 20 сакавіка на тэрыторыі нашай краіны. Падчас яе плануецца цэлы шэраг розных мерапрыемстваў: тэматычныя сходы для бацькоў, для падлеткаў — спартыўныя мерапрыемствы і лекцыі, накіраваныя на папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Запланаваны таксама трэнінгі для педагогаў па тактыцы выяўлення непаўнагадовых, што знаходзяцца ў наркатычным ап’яненні. Будуць праводзіцца рэйды па забаўляльных установах, інтэрнатах і месцах, дзе збіраецца моладзь, з мэтай прадухілення распаўсюджвання наркотыкаў.
Цукар жэліруючы — лепшы ў краіне
У адных раніца пачынаецца з кубачка чаю, у другіх — з водарнай кавы. Застаецца дадаць лыжачку цукру, каб дзень прайшоў хораша, з прысмакам саладосці. А вы ведаеце, што наш цукровы завод са сваёй прадукцыяй паўдзельнічаў у ХХІІІ рэспубліканскім конкурсе спажывецкіх пераваг “Прадукт года 2021. Выбар спажыўца” і ў намінацыі “Цукар жэліруючы” атрымаў дыплом І ступені? Цяпер ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, як пераможца, мае права наносіць фірменны знак на сваю прадукцыю.
Дарэчы, хутка ў продажы з’явяцца сцікі па 5 грамаў у новай упакоўцы. На кожным з 10 варыянтаў яркіх, сонечных колераў будуць надрукаваны пажаданні на беларускй мове : “Прывітанне”, “Салодкіх хвілін”, “Цікавых падарожжаў”, “Салодкіх усмешак”, “Добрага настрою!”, “Добрых сяброў!”, “Сонечных дзён”, “Будзьце здаровыя!” і іншыя. Згадзіцеся, гэта выдатная спроба падняць настрой аматарам салодкага!
Рэабілітацыя, пасля якой будзе цяплей
У жылым доме па вуліцы Савецкай, 11 актыўна вядуцца будаўнічыя работы. Рамантуецца кроквенная сістэма, балконы, мяняецца дахавае пакрыццё, нарошчваюцца вентыляцыйныя шахты, замяняюцца вокны агульнага карыстання і інжынерныя сеткі ў падвалах, электрычныя групавыя шчыткі і сеткі электразабеспячэння ў месцах агульнага карыстання.
Таксама праводзіцца цеплавая рэабілітацыя будынка, дзе размяшчаецца Жабінкаўскі раён газазабеспячэння.
У парку тэхнікі — папаўненне
На баланс Жабінкаўскай ЖКГ паступіў рэцыклер асфальтабетону ЕМ-3200. Мяркуецца, што з дапамогай гэтай тэхнікі палепшыцца якасць рамонтных работ дарожнага палатна. Да таго ж камунальнікі абнавілі дрывакольны станок. Яго вытворчыя магутнасці — 5 кубоў дроў у гадзіну.
Іх прызванне — спевы
Выхаванцы Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў неднойчы станавіліся прызёрамі і пераможцамі не толькі абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, але і міжнародных. Нядаўна сталі вядомы вынікі міжнароднага фестывалю-конкурсу “Прызванне”, які праводзіўся ў Санкт-Пецярбурзе. Так, Маша Кобак і Насця Трацэвіч адзначаны дыпломам лаўрэата І ступені, а Вікторыя Кіслая — ІІ ступені. Дуэт Вікі і Машы журы ацаніла дыпломам І ступені. Падрыхтавала дзяўчатак да конкурсу педагог Ганна Міхальчук.
Небяспечная знаходка
У дзяжурную часць Жабінкаўскага РАУС пазваніў 39-гадовы брастаўчанін і паведаміў, што на прысядзібным участку ў вёсцы Сычова знайшоў прадмет, падобны на снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. На месца небяспечнай знаходкі тэрмінова выехалі супрацоўнікі міліцыі. Сапёры воінскай часці 5526 высветлілі, што знойдзены прадмет — 152-міліметровы артылерыйскі снарад. Небяспечны прадмет знішчаны.
Калі вы знайшлі боепрыпасы ваенных часоў, тэрмі-нова паведаміце ў міліцыю і не дакранайцеся да іх.
