“Злавіў” зямляк “Папяровага бусла”

У Брэсце падведзены вынікі рэспубліканскага літаратурнага конкурсу сярод гумарыстаў “Папяровы бусел-2021”. Ён ладзіўся ў прозе, байцы, гумарыстычным вершы. У апошняй намінацыі трэцяе месца — у нашага земляка Расціслава Бензерука, які даслаў на конкурс свае яркія жартаўлівыя эпіграмы, напісаныя на сяброў па пяры. Віншуем Расціслава Мацвеевіча з чарговым лаўрэацтвам, жадаем здароўя і новых творчых узлётаў да вяршыняў Парнаса!

Мае Глыбокае гістарычныя глыбіні

Гэта пераканаўча даказала Ірына Рубашэўская. Дзяўчына вучыцца ў Брэсцкім політэхнічным каледжы і ў годзе, які праходзіць пад знакам гістарычнай памяці, падрыхтавала даследчую работу “Гістарычнае мінулае маёй вёскі: ці існуе будучыня?” Даследаванне атрымала першае месца ў навуковым спаборніцтве. У Ірыны атрымалася, так бы мовіць, перакінуць мосцік ад самых вытокаў у сённяшні дзень. А вытокі Глыбокага сягаюць ажно ў 1577 год. Гэткім чынам у чэрвені глыбокаўцы па праве могуць святкаваць 445-я ўгодкі свайго паселішча. Прычым, юная даследчыца карысталася не толькі ранейшымі публікацыямі ці ўспамінамі старажылаў, але і архіўнымі крыніцамі. Напрыклад, упершыню ў навуковы ўжытак яна ўвяла “Спіс савецкіх грамадзян, выгнаных у нямецкае рабства”, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці. У дакуменце, створаным адразу пасля вызвалення Жабінкаўшчыны, пералічаны 70 жыхароў Глыбокаўскага (цяпер — Крыўлянскага) сельсавета.

Ведай правілы пажарнай бяспекі!

У Жабінкаўскім раёне газазабеспячэння пабываў першы намеснік начальніка РАНС Аляксандр Кулік. Супрацоўнікі аддзела не перастаюць наведваць працоўныя калектывы для прафілактычных размоў. На гэты раз госць нагадаў аб праблеме выпальвання сухой расліннасці, прывёў прыклады пажараў, што здарыліся летась, акцэнтаваў увагу на ўстаноўцы пажарных апавяшчальнікаў, падкрэсліў: недапушчальна пакідаць дзяцей без нагляду.

“Паміж намі, дзяўчынкамі”

Мерапрыемства пад такой назвай, прымеркаванае да Міжнароднага жаночага дня, прайшло ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян сталага ўзросту Ганна Барысюк прыемна здзівіла сваіх выхаванцаў насычанай праграмай. У гульнях і конкурсах удзельнікі правяралі, хто самая лепшая гаспадыня, у каго выдатныя кемлівасць і танцавальныя здольнасці ды шмат іншае. Пасля конкурсаў прысутных чакалі дыскатэка, чаяванне і падарункі. А памятныя здымкі можна было зрабіць у арыгінальна аформленай фотазоне.

Відэапартрэт прыгожай дамы

Жанчына здольна дабівацца поспехаў у прафесійнай дзейнасці, захоўваць сямейны агмень, выхоўваць дзяцей. На ўсё ў яе хапае мудрасці, любові і цярпення. Напярэдадні вясновага свята цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала відэапартрэт “Свет цудоўны ўжо таму, што ў ім ёсць жанчына”. Бібліятэкар Кацярына Піваварук распавяла пра кнігі, у якіх гераінямі сталі яркія прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Пазнаёміцца ​​з відэапартрэтам можна на сайце ўстановы zhabinkalib.by у раздзеле навін.

“ЭкаСправа” да ўсяго мае справу!

Валанцёрскі атрад “ЭкаСправа”, якім кіруе настаўнік геаграфіі другой гарадской школы Вольга Дудар, адзначаны дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Беларусі за актыўны ўдзел у акцыі “Хто, як не мы?”, якая тычылася навядзенні парадку ў заказніку “Непакойчыцы”. Гэты поспеў натхніць школьнікаў на далейшыя актыўныя справы па ахове навакольнага асяродка.