Крадзяжы праз інтэрнэт ведае ўвесь белы свет
Жыццё ідзе наперад, няспынна змяняецца ды ўдасканальваецца. Прычым, змяняецца ў розных напрамках, і зладзейскія справы тут не выключэнне. Яшчэ гадоў пятнаццаць таму рознага роду ашуканцы не маглі спадзявацца папоўніць сваю “казну”, не ведаючы чалавека, а проста цераз інтэрнэт украсці грошы з карт-рахункаў даверлівых. А цяпер такіх нямала!.. Хоць крадзяжы праз інтэрнэт ужо ведае ўвесь белы свет, даверлівых, што трапляюць на кручок злодзеяў, хапае.
Вось варта было Васілю Ф. размясціць аб’яву на сайце “Kufаr.bу” аб продажы аўтамабільнай шыны, як невядома адкуль аб’явіўся “пакупнік”. Шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі зламыснік завалодаў рэквізітамі Васілёвай банкаўскай карты ААТ “АСБ Беларусбанк” і неадкладна спісаў з карт-рахунка 133 рублі. Гэткім жа чынам Марыя К. страціла 160, а Аляксандр Х. — 629 рублёў.
Голад не цётка? Ды Бог не перашкода?
Нехта, мусіць, вельмі галодны аказаўся ў Сычове, бо, адарваўшы дошкі франтона, забраў у доме Уладзіміра П. выключна ежу: два пачка макаронаў і пюрэ хуткага прыгатавання, пяць пачкаў локшыны, чатыры дзясяткі яек, кілаграм печыва “Кракет”, распушчальную і нераспушчальную кавы, чай “Залатая чаша”, два пачка кетчупа — усяго крыху больш за 57 рублёў. Але, як вядома, колькі вяровачцы не віцца, а канец будзе. Праваахоўнікі знайшлі гэтага невядомага. Ім аказаўся жыхар Кобрынскага раёна М., раней судзімы за крадзяжы.
Вядома, тыя, хто ідзе на злачынства, не шануе Бога і гатовы паквапіцца на святыя абразы. Напрыклад, злодзей у вёсцы Палявая Рэчыца ўкраў разам з газавым балонам ды пячной плітою ікону “Спаса Уседзяржыцеля”. На зламыснікаў узбуджаны справы па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Аляксей СТРУК, намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь
