Шмат пазык мае даўжнік…
Жыве ў Азятах даўжнік — мае шмат розных пазык, у тым ліку і аліменты на малое дзіця. Доўга ён ухіляўся, адказнасці пазбягаў, дый, як вядома, колькі вяровачцы не віцца, а канец будзе. Прыйшлі да мужчыны судовыя выканаўцы і правялі неабходныя меры ў дачыненні да такіх нядобрасумленных грамадзян. У адносінах аліментаў у Жабінкаўскі РАУС было накіравана прадстаўленне, каб міліцыянеры правялі з гора-бацькам растлумачальную размову. Супрацоўнік АПВ выдаў таксама накіраванне ў раённы цэнтр занятасці. Ведаючы, што над ім дамоклавым мячом вісіць крымінальная адказнасць за ўхіленне ад выплаты на ўтрыманне сына, мужчына хуценька працаўладкаваўся і стаў гасіць даўгі.
Уласнік біткойна жыццём незадаволены
А вось жабінкавец К., які таксама ў даўгах, як у шаўках, мае, між іншым, не зусім звычайную запазычанасць. У век сучасных тэхналогій ён умудрыўся займець доўг за набыццё часткі біткойна — крыптавалюты, курс якой імкліва мяняецца. На сённяшні дзень К. вінен 0,045 біткойна. Не думайце, што гэта драбяза, бо 1 біткойн каштуе больш за 56 тысяч долараў ЗША. Патроху з заробку ён, вядома, пагашае астатнія даўгі. Мужчына абмежаваны шмат у якіх правах, у тым ліку ў выездзе за мяжу. Але зараз К. вельмі захацелася на заробкі ў Расію. Таму ён звярнуўся ў аддзел прымусовага выканання. Канечне, доўг па біткойнам яму ніяк не пагасіць у кароткі тэрмін. Пагэтаму было парэкамендавана звярнуцца да спагнальніка. Мужчына так і зрабіў. Спагнальнік увайшоў у яго становішча і адазваў выканаўчы дакумент па біткойне з АПВ.
Заплаціў “зялёныя”? Атрымай зялёнае святло
Гісторыя, можна сказаць, тыповая. Жыхар Жабінкі Л. шмат каму вінен. Адзін з найбольшых даўгоў склаўся ў адносінах да фізічнай асобы, якой жабінкавец завінаваціўся тысячы “зялёных”. Пры гэтым Л. вельмі захацелася папрацаваць у Польшчы. Ён нават меў ужо на руках дагавор з замежнай фірмай, а вось пераехаць граніцу не мог. Мужчына звярнуўся ў аддзел прымусовага выканання з просьбай зняць абмежаванне ў выездзе. Там яму патлумачылі: спачатку доўг пагасі, затым і абмежаванне можа быць знята. Літаральна на наступны дзень грошы знайшліся. І цяпер у жабінкаўца з’явілася магчымасць перасякаць граніцу нашай краіны.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна
