Уганараваны ордэнам Маці
Жанчыны — шматдзетныя матулі неаднойчы даказвалі, што выдатна ўмеюць сумяшчаць мацярынства з прафесійнымі абавязкамі, цудоўна спраўляючыся на ўсіх франтах. А тыя з іх, што нарадзілі і выхавалі пяцёра і больш дзяцей, штогод уганароўваюцца ордэнам Маці. Чарговы адпаведны ўказ Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 лістапада. У ім сярод больш за паўсотні жыхарак Брэсцкай вобласці, удастоеных высокай узнагароды, ёсць імёны і дзвюх нашых зямлячак. Да ардэнаносных жабінкаўчанак далучаюцца хатнія гаспадыні Марына Асінская і Ганна Данілюк. Віншуем з узнагародай!
Бясплатныя кансультацыі напярэдадні свята
Натарыусы Брэсцкай натарыяльнай акругі 3 снежня прымуць удзел у рэспубліканскай акцыі па бясплатным кансультаванні, прымеркаванай да святкавання Дня юрыста. “На працягу працоўнага дня жадаючыя змогуць атрымаць кансультацыі па пытаннях, што ўваходзяць у кампетэнцыю натарыуса, у тым ліку афармлення спадчынных правоў, складання завяшчанняў, шлюбных дагавораў, адчужэння нерухомасці і іншых, — паведаміла прэс-сакратар абласной натарыяльнай палаты Вольга Пашкевіч. — З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі акцыя пройдзе ў рэжыме анлайн. Натарыусы Брэстчыны будуць бясплатна кансультаваць па тэлефонах, а таксама дыстанцыйна з дапамогай відэасувязі (месенджараў)”.
Сцягі над плошчай
Жыхары і госці Жабінкі змаглі заўважыць, што над гарадской плошчай лунаюць адразу тры сцягі: Жабінкаўскага раёна, Брэсцкай вобласці і Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь. Непадалёк ад флагштока размешчана стойка з QR-кодам, які ўтрымлівае інфармацыю аб гісторыі і значэнні нацыянальнай беларускай сімволікі.
Геральдыка ў творчасці юных
У Брэсцкім абласным края-знаўчым музеі ладзіцца выстава “І дуб, і зубр у гербах сівых”. Надзвычай прыемна, што выха-ванцы Жабінкаўскага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі прынялі ў ёй удзел і іх работы прадстаўлены ў выставачнай зале. Напрыклад, Кіра Якімовіч і Лізавета Ткачук, якія займаюцца ў аб’яднанні “Залатая саломка” пад кіраўніцтвам Тамары Казловай, незвычайна аформілі кампазіцыю “Квітней, мой родны горад!”. Антон Дзярдзюк вучыцца разьбе па дрэве ў педагога Аляксандра Крачко, змайстраваў герб роднай Жабінкі. Вы і самі можаце пабачыць творчыя работы юных талентаў, калі наведаеце выставу да 19 снежня.
Кот-усёед і яго гаспадыня
Ганаровае месца ў хаце Марыі Шыманскай займае дыплом пераможцы фотаконкурсу “Мы створаны адзін для аднаго”. На здымку яе гадаванец кот Міця-Карлас. Гэты шэры чатырохлапы сябар есць… клубніцы. Такая цікавая падзея, якую занатавала фотакамера, зацікавіла арганізатараў конкурсу, што праводзіўся на восеньскім кірмашы камбікормавым заводам. Гаспадыні ката-усёеда падаравалі кармы для катоў, сабак і рыбак. Дарэчы, на заводзе з падачы дырэктара Ігара Лабады любяць прыдумляць розныя спаборніцтвы. “СП” ужо пісала нядаўна, што да 30 лістапада ладзіўся чарговы конкурс — «Анекдот з “Прывозу”».
