“Зімовыя шыны — бяспека для машыны!”

Рэспубліканская прафілактычная акцыя пад такой назвай праходзіць зараз на Жабінкаўшчыне. Колькасць аварый на дарогах, якія маюць мокрае, абледзянелае, заснежанае пакрыццё, істотна ўзрастае. Таму пры руху на аўтамабілі ў зімовых умовах супрацоўнікі ДАІ раяць “пераабуць” сваю тэхніку. Пры гэтым зімовыя шыны з 1 снежня па 1 сакавіка ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку — павінны быць пазначаны маркіраваным знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай усярэдзіне яе або знакамі “М+S”, “М&S”, “М S” або “All Seasons”. Акцыя працягнецца па 5 снежня.

Цікавыя ідэі для Беларусі

У сераду, 24 лістапада, у Пружанах прайшоў занальны этап рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Маладыя людзі Жабінкаўшчыны прадставілі два праекты ў намінацыях: “Грамадства і сацыяльная сфера” і “Экалогія”. Так, навучэнцы гарадскога ліцэя Яўген Прадзялюк і Людміла Струк, Сяргей Пукіта і Юлія Вайтовіч выступілі з незвычайным праектам “Гатуй! Вандруй! Смакуй!”. А Уладзіслаў Джыгіла з Ільёй Цельпуком прэзентавалі работу “Развіццё паркавай прасторы ў Жабінцы”, зрабіўшы акцэнт на веласіпедных зонах. Усе ўдзельнікі былі адзначаны сертыфікатамі. Адабраныя экспертнай камісіяй праекты адправяцца на абласны этап.

У цэнтры ўвагі — кібербяспека

У краіне з 22 лістапада па 1 снежня праходзіць дэкада кібербяспекі. Прафілактычная акцыя ўключае ў сябе комплекс мерапрыемстваў па шырокамаштабным інфармаванні насельніцтва аб сучасных метадах і спосабах падману, якія выкарыстоўваюцца кіберзлачынцамі, мерах процідзеяння і прафілактыкі. Напрыклад, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Жабінкаўскага РАУС Яўген Самускевіч і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Андрасюк пабывалі ў другой гарадской школе, дзе правялі сустрэчу на актуальную тэму: “Як не стаць ахвярай у кіберпрасторы”. Школьнікі больш падрабязна даведаліся аб тым, што такое кіберзлачыннасць, якіх відаў яна бывае, а таксама паўтарылі правілы інфармацыйнай бяспекі. Падобныя мерапрыемствы ў раёне працягнуцца.

Госці ў пагонах

Прадстаўнікі 48-га асобнага батальёна РЭБ Заходняга аператыўнага камандавання, які дыслацыруецца ў Чырвоным Двары ў Брэсце, не раз бывалі на Жабінкаўшчыне. Днямі госці ў пагонах ізноў наведалі нашы гарадскія і сельскія ўстановы адукацыі. Ваенныя падрабязна расказалі пра службу, паказалі фільм пра 48-ы батальён і адказалі на пытанні навучэнцаў. Таксама “рэбаўцы” запрасілі старшакласнікаў паступаць у ваенныя навучальныя ўстановы. Нагадалі, што кансультацыю па паступленні можна атрымаць у ваенных камісарыятах па месцы жыхарства. Ужо зусім хутка давядзецца вызначыцца з будучай прафесіяй!

Пажар у Сцяпанках

13 лістапада ў аграгарадку Сцяпанкі на вуліцы Новай адбыўся пажар у нежылым блокавым доме, які належыць непрацуючаму грамадзяніну 1969 года нараджэння. У выніку агонь знішчыў матрац і спальныя прылады. На шчасце, пацярпелых няма. Прычына пажару высвятляецца.
Работнікі РАНС у чарговы раз заклікаюць жыхароў раёна выконваць правілы пажарнай бяспекі. Памятайце, што забараняецца перагружаць электрычныя сеткі, эксплуатаваць кабелі і правады з пашкоджанай ізаляцыяй, пакідаць уключаныя электрапрыборы без нагляду, а таксама эксплуатаваць ацяпляльныя печы з трэшчынамі або з няспраўнымі дзверцамі, пакідаць запалкі ў даступных для дзяцей месцах. Тэлефон службы выратавання 101 або 112.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК