Лепшы “Жураўлік” — у Лізаветы

Вучаніца першай гарадской школы Лізавета Мартынава неаднойчы станавілася пераможцай музычных конкурсаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў — дзяўчынка выдатна грае на акардэоне. Зусім нядаўна ў скарбонку музычных заваёў дадалася перамога ў інтэлектульнай гульні-конкурсе па рускай мове і літаратуры “Жураўлік-2020”. У ім Лізавета змагла набраць максімальную колькасць балаў — 120. Гэта лепшы вынік у рэспубліцы сярод больш як 13 тысяч удзельнікаў. Малайчынка! Пажадаем дзяўчынцы і далей праслаўляць Жабінку на інтэлектуальнай і культурнай арэнах.

Мікіта ведае!

У рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю” ўдзельнічалі некалькі самых разумных вучняў з Жабінкаўшчыны. Зусім нядаўна прадэманстраваць свае веды ў сумесным праекце Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі ўзяўся і навучэнец Ленінскай сярэдняй школы Мікіта Лугаўскі. Юнак змог яшчэ раз даказаць сабе і іншым, што ён усебакова развіты, смелы і знаходлівы. Мікіта паспяхова прайшоў тры туры гульні і спыніўся літаральна за крок ад перамогі. У глядзельнай зале юнага інтэлектуала падтрымлівала мама Кацярына, а ў студыйнай “настаўніцкай” за свайго вучня хвалявалася настаўніца нямецкай мовы і класны кіраўнік Наталля Ясінская. Віншуем Мікіту, яго бацькоў і педагогаў з годным выступленнем і зычым чарговых перамог!

У Зале алімпійскай славы

Навучэнцы пятых класаў Ленінскай адзінаццацігодкі наведалі з экскурсіяй Залу алімпійскай славы Брэсцкага абласнога цэнтра падтрымкі і спорту. Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй алімпійскага руху, яго сімволікай, прагледзелі фільм пра алімпійцаў. За актыўны ўдзел вучаніца Карына Якаўчук атрымала памятны сувенір.

Грант на добрыя справы

Выйграць грашовы грант на рэалізацыю сваёй ідэі ад БРСМ магчыма: паспрабуй свае сілы ў конкурсе маладзёжных ініцыятыў! Хто можа прыняць у ім удзел? Некамерцыйныя моладзевыя і дзіцячыя грамадскія аб’яднанні і фарміраванні, зарэгістраваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, установы адукацыі і арганізацыі, ініцыятыўныя групы грамадзян, якія з’яўляюцца членамі грамадскіх аб’яднанняў. Якія ініцыятывы можна падаць на конкурс? Праекты, накіраваныя на прыцягненне моладзі да творчай дзейнасці і сацыяльный практыкі, павышэнне грама-дзянскай актыўнасці, раскрыццё патэнцыялу маладых людзей. Як падаць заяўку? На працягу лістапада накіраваць пакет дакументаў і іх электронную версію заказным лістом з апавяшчэннем або кур’ерам па адрасе: Мінск, вул. Карла Маркса, 40, ГА “БРСМ”. Падрабязней пра ўмовы ўдзелу чытай у Палажэнні аб правядзенні конкурсу на www.brsm.by.

“Таямніца грашовых знакаў”

Пад такой назвай у Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі з’явілася новая выстава. Наведвальнікі змогуць прасачыць гісторыю купюр і манет ад пачатку ХХ стагоддзя, якая непарыўна звязана з этапамі развіцця Беларусі, Расіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі і ЗША. Экспазіцыя чакае вас да 19 лістапада — паспяшайцеся!