“Салодкія” тоны

Вырошчваннем сыравіны для цукровага завода ў раёне займаюцца пяць сельгасарганізацый і адна фермерская гаспадарка. Усяго пад гэтую культуру сёлета было адведзена 1424 гектары. Салодкі ўраджай у першыя дні лістапада выкапаны на ўсёй плошчы — а гэта 70690 тон! Самыя важкія карані выраслі на палях ААТ “Вазнясенскі”, “Жабінкаўскі” і “Рагазнянскі” — атрымана адпаведна 680, 614 і 518 цэнтнераў з кожнага гектара. Гэтыя гаспадаркі — лідары і па валавым зборы: накапалі 13600, 17800 і 15530 тон кожная.

Малочныя лідары

Прымаўка сцвярджае: “Жывёлагадоўля — манетны двор гаспадаркі”. Думаю, з ёю згодны малочныя лідары раёна — жывёлаводы ААТ “Вазнясенскі”, СУП “Агра-Азяты” і ААТ “Рагазнянскі”, дзе штодня атрымліваюць адпаведна 25,18; 24,88 і 24,20 кілаграма малака ад кожнай рагулі. Значнай прыбаўкі да ўзроўню мінулага года — ажно 4,66 кілаграма — дабіліся жывёлаводы з Азятаў. У цэлым у перапрацоўку з фермаў раёна ў дзень адпраўляецца 1736,5 цэнтнера малака.

Расціце, ялінкі!
Жыхары райцэнтра ў сераду маглі назіраць, як работнікі мясцовай ЖКГ садзілі ялінкі ўздоўж алеі да танцпляцоўкі ў гарадскім парку. Дзесяць прыгожых маладзенькіх хвойных дрэўцаў удала “ўпісаліся” ў паркавы “інтэр’ер”. А напярэдадні брыгада азелянення пад кіраўніцтвам Наталлі Саўчук высадзіла елачкі побач з аўтобусным прыпынкам ля храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Няхай растуць, упрыгожваюць наш любімы горад і робяць чысцейшым паветра!

Як у нас гавораць?

На жаль, дыялекты паступова знікаюць, страчваюцца мясцовыя асаблівасці. Намаганнямі бібліятэкара Хмелеўскай сельскай бібліятэкі Алы Мікуц, загадчыцы Хмелеўскага СДК Таццяны Грыцук, мясцовых жыхароў Дзмітрыя Масейчука і Аляксандра Мікуца былі сабраны мясцовыя словы, найменні мясцовасці, мянушкі і аб’яднаны ў зборнік мясцовага дыялекта “Хмэлёвськы заколоты”. Ён выдадзены аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. У зборніку яшчэ можна знайсці вершы мясцовых жыхароў, напісаныя на хмелеўскай гаворцы. Той, хто цікавіцца народнай спадчынай, можа пазнаёміцца з выданнем у чытальнай зале Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі і ў Хмелеўскай сельскай бібліятэцы.

Адпрацоўка аўтадарог

Супрацоўнікі АДАІ Жабінкаўскага РАУС паведамляюць, што з 12 па 14 лістапада праводзіцца адпрацоўка аўтамабільных дарог мясцовага значэння і сельскіх населеных пунктаў. Асаблівая ўвага надаецца парушэнням, якія могуць пацягнуць за сабой учыненне дарожна-транспартных здарэнняў з цяжкімі наступствамі.