“Усіх добрых спраў і не пералічыш”
У аўторак, 12 кастрычніка, 55-я ўгодкі свайго прадпрыемства адзначылі працаўнікі ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Пачаткі тагачаснага раённага аб’яднання, якое стала надзейным памочнікам для аграрыяў, сягаюць у далёкі 1966 год. Першым кіраўніком стаў тады Іван Шыла, сённяшні дырэктар Уладзімір Дземідзюк займае пасаду з 2008 года. “Вось ужо больш за паўвека, — адзначае Уладзімір Мікалаевіч, — працаўнікі “Сельгастэхнікі” рупяцца над матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем АПК. Усіх нашых добрых спраў і не пералічыш. Гэта і дапамога гаспадаркам у высокаэфектыўным выкарыстанні сельгастэхнікі, яе рамонт ды абслугоўванне, і забеспячэнне зерне- і кормаўборачнай тэхнікі, і вывазка арганікі, зерня, цукровых буракоў. Адным словам, усё, чым славяцца земляробы. Нельга не ўспомніць і пра тое, што ў нашай арганізацыі маецца тэхнічны цэнтр “Гомсельмаша”. А галоўнае — шмат харошых працаўнікоў рупілася ў “Сельгастэхніцы” за гэтыя 55 гадоў”.
Спісы ахвяр вайны ўдакладняюцца
Пасля таго, як у красавіку бягучага года Генеральная пракуратура краіны ўзбудзіла справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пачаліся актыўныя работы па выяўленні і ўдакладненні імёнаў мірных жыхароў, знішчаных у часы ліхалецця.
Плён ад гэтай важнай справы ўжо ёсць. Напрыклад, старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Мікалай Галавейка паведаміў, што цяпер дакладна вядомы прозвішчы 41 жыхара аграгарадка Вялікія Якаўчыцы і вёсак Залуззе, Панцюхі, Пруск, Салейкі, закатаваных акупантамі ў 1941-1944 гадах. Аднак пошук на гэтым не спыняецца, бо патрэбна паспець задакументаваць сведчанні старажылаў — тых, хто яшчэ памятае пра жудасныя падзеі даўніны.
Вакцына прыйдзе да вас
У панядзелак у Жабінкаўскі раён газазабеспячэння завітаў урач цэнтральнай раённай бальніцы Максім Сцепанюк. Ён расказаў, што ў свеце і на Брэстчыне ў прыватнасці складваецца няпростая эпідэмічная сітуацыя, працягваецца рост захваральнасці на каранавірусную інфекцыю. Па прагнозах спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя нашай краіны, рост будзе працягвацца яшчэ некалькі тыдняў, перш чым хваля пойдзе на спад. Таму найбольш эфектыўны спосаб засцерагчы сябе і блізкіх ад гэтай хваробы — вакцынацыя.
Максім Віктаравіч адказаў на ўсе хвалюючыя пытанні газавікоў, і жадаючыя мелі магчымасць без адрыву ад вытворчасці правакцынавацца.
Скок-скок праз масток
Масток праз раку Жабінка, што злучае гарадскі парк і мікрараён у райцэнтры, нарэшце гатовы для эксплуатацыі. Менш за тыдзень спатрэбілася работнікам мясцовай камунальнай службы, каб устанавіць на бетонныя сваі 26-метровую жалезную раму-аснову, заслаць драўлянае палатно і наварыць карункавыя парэнчы. Спецыялісты запэўніваюць: мост праслужыць жыхарам горада яшчэ не адзін год!
