“Мой дзень у Брэсцкай крэпасці”
Пад такой назвай ладзіўся рэспубліканскі літаратурны конкурс сярод школьнікаў. У ім паўдзельнічала каля сарака работ. Прыемна адзначыць, што юныя жабінкаўцы прынялі актыўны ўдзел у творчым спаборніцтве: ажно чатыры вучні трэцяй гарадской школы даслалі свае работы на суд журы. Днямі дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “Эсэ” атрымала 10-класніца СШ № 3 горада Жабінкі Алеся Бутрым. Віншуем яе з поспехам, жадаем іншым спрабаваць шчасця ў наступных конкурсах, якіх будзе яшчэ багата.
19 гадоў разам
Шостага верасня свой чарговы дзень нараджэння адзначаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Самаму буйному маладзёжнаму аб’яднанню краіны споўнілася 19 гадоў. Першы сакратар раённага камітэта Кацярына Андрасюк паспяшалася нагадаць пра гэта юнакам і дзяўчатам і павіншаваць прадстаўнікоў арганізацыі. Маладзёжны лідар правяла адкрытыя дыялогі “19 гадоў разам” на базе Ленінскай і Хмелеўскай школ. У ходзе сустрэчы абмеркавалі важныя пытанні дзейнасці саюза моладзі. Урачыстым момантам стала ўручэнне білетаў новым удзельнікам БРСМ. Шэсць школьнікаў у Ленінскай СШ і сем у Хмелеўскай папоўнілі шэрагі аб’яднання.
Бяспечная дарога ў школу
Па раёне крочыць прафілактычная акцыя “Бяспечная дарога ў школу з БРСМ”. Гэта сумесны праект саюза моладзі і Дзяржаўтаінспекцыі. Так, 9 верасня байцы МААП першай гарадской школы з інспектарам АДАІ Жабінкаўскага РАУС Кацярынай Бура арганізавалі дзяжурства каля пешаходнага пераходу. Маладыя людзі дапамагалі пераходзіць праезную частку навучэнцам пачатковых класаў і нагадвалі ім правілы дарожнага руху.
Акрамя гэтага, супрацоўнікі АДАІ Жабінкаўскага РАУС працягваюць наведваць гарадскія і сельскія ўстановы адукацыі, дзе праводзяць інфармацыйныя сустрэчы з вучнямі і педагогамі. Ініцыятыва накіравана на прадухіленне выпадкаў дзіцячага траўматызму на дарогах.
Трагедыя на дарозе
Пятага верасня ў пяць раніцы вадзіцель кіраваў аўтамабілем “Шкода” і рухаўся па аўтадарозе М1/Е30. На 42 км пры руху з боку Брэста ў напрамку Кобрына здзейсніў наезд на лася. У выніку ДТЗ ад атрыманых траўмаў мужчына загінуў на месцы здарэння.
Паважаныя вадзіцелі, пры кіраванні транспартным сродкам будзьце вельмі ўважлівыя і пільныя. З асаблівай адказнасцю прытрымлівайцеся хуткаснага рэжыму ў цёмны час сутак, пры неспрыяльных умовах надвор’я або ўмовах абмежаванага агляду. Не рызыкуйце сваім жыццём! У выпадку выяўлення жывёл у межах дарогі неадкладна паведамляйце па нумары 102.
Школьнікам — пра кіберзлачыннасць і правапарушэнні
Намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Яўген Самускевіч сустрэўся з вучнямі Хмелеўскай сярэдняй школы. Ён правёў з юнакамі і дзяўчатамі прафілактычную гутарку па кіберзлачыннасці, незаконным абароце наркотыкаў, адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама праф-арыентацыйную работу сярод выпускнікоў.
Каб злачынстваў стала менш
З 9 па 15 верасня на Жабінкаўшчыне праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў сферы насілля ў сям’і і тых, якія здзяйсняюцца ў нецвярозым стане.
Калі ў адносінах да вас, вашых родных, суседзяў або знаёмых ажыццяўляюцца злачынныя дзеянні, неадкладна паведамляйце пра гэта ўчастковаму інспектару міліцыі або па тэлефоне 102.
